Беларусь разлічвае на зніжэнне кошту расійскага газу ў 2015 годзе
Беларусь разлічвае на зніжэнне кошту расійскага газу ў наступным годзе, заявіў сёння журналістам у Мінску першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка.
Ён паведаміў, што кантракт на пастаўку расійскага газу на 2015—2017 гады Беларусь плануе падпісаць з «Газпромам» да 30 лістапада: «Мы цяпер знаходзімся на
стадыі падпісання новага кантракта з «Газпромам» на трохгадовы перыяд. Дзейны кантракт, як вядома, заканчваецца ў канцы гэтага года. Цяпер трэба дамовіцца пра ўмовы паставак газу на
2015—2017 гады, амаль усе нюансы мы ўзгаднілі».
Паводле слоў Сямашкі, абмежаванняў па аб'ёме закупленага газу там не прадугледжана. «Колькі нам трэба будзе газу — столькі мы зможам атрымаць», —
сказаў першы віцэ-прэм'ер.
Ён звярнуў увагу на тое, што кошт на імпартаваны з Расіі газ павінен крыху знізіцца ў доларавым выражэнні. «Што да кошту на газ, то мы мяркуем, што ён будзе ў наступным годзе крыху
ніжэйшы, чым у гэтым», — сказаў Сямашка, удакладніўшы, што цяпер за тысячу кубаметраў газу Беларусь плаціць 168 долараў.
Першы віцэ-прэм'ер Беларусі даў зразумець, што чаканае зніжэнне кошту на газ будзе звязана са змяненнем курсу расійскага рубля да долара. «Формула кошту на газ для Беларусі
прывязана да кошту на газ для Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі. Кошт гэты пералічваецца з рублёў у долары. З-за таго, што курсы валют змяніліся, мы лічым, што кошт на газ для Беларусі
знізіцца», — адзначыў Уладзімір Сямашка.
БелаПАН