«Bloomberg»: ЕС можа да лета ўвесці санкцыі супраць калійнай прамысловасці Беларусі

Санкцыі, хутчэй за ўсё, будуць датычыцца калію, паведаміў чыноўнік на ўмовах ананімнасці. Калійныя ўгнаенні — асноўны экспарт Беларусі, які забяспечвае значную долю попыту еўрапейскіх краін. Акрамя гэтага, пад санкцыі можа трапіць «Белавія».

oao_belaruskalij_8_0x900_e11.jpg

ЕС ужо працуе над тым, каб папоўніць санкцыйны спіс асобамі, якія мелі дачыненне да інцыдэнту з «Ryanair». Мяркуецца, што спіс будзе зацверджаны 21 чэрвеня.
Многае будзе залежаць ад характару санкцый. Напрыклад, калі беларускай калійнай прамысловасці абмяжуюць крэдыты ў еўрапейскіх банках, то гэта не будзе выклікаць асаблівых перашкод на рынку, бо Беларусь можа скарыстацца альтэрнатыўнымі крыніцамі фінансавання.
Аднак больш сур’ёзныя меры, напрыклад, забарона еўрапейскім кампаніям гандляваць з беларускімі вытворцамі калійных угнаенняў, будуць мець больш значныя наступствы.
Хутчэй за ўсё, у такім выпадку будзе назірацца кароткатэрміновы рост цэн на калій у Еўропе, бо Беларусь забяспечвае 25% попыту ЕС. Але ў еўрапейскіх краінах сітуацыя мусіць хутка нармалізавацца, бо недахоп змогуць запоўніць расійскія вытворцы накшталт «Уралкалія».
Для Беларусі наступствы будуць куды больш сур’ёзныя, бо «Беларуськалій» — адна з найбуйнейшых дзяржаўных кампаній і сусветны вытворца калійных угнаенняў, які забяспечвае значную частку экспартнай выручкі Беларусі.
nn.by