Бульба ў Беларусі за год падаражэла на 77%

Бульба ў Беларусі падаражэла амаль у два разы за апошні год. Разам з тым у суседніх краінах бульба значна таннейшая, піша газета  «Белорусы и Рынок».

630_360_1567087931_470.jpg

Згодна з Белстатам, у кастрычніку 2021 года кілаграм бульбы ў Беларусі каштаваў у сярэднім 1 рубель 31 капейку. Хоць у кастрычніку 2020-га цана была ўсяго 74 капейкі. Гэта значыць, за год бульба ў краіне падаражэла на 77%.

Але гэта афіцыйная цана. Калі паглядзець цэны на бульбу, напрыклад, на сайце папулярнай анлайн-крамы з дастаўкай, то мінімальныя цэны за кілаграм бульбы стартуюць з 1 рубля 49 капеек, што ўдвая больш за сярэднюю цану за кастрычнік 2020 года. Пры гэтым можна набыць бульбу і па 3 рублёў 93 капейкі.

Між тым, у суседніх краінах бульба значна таннейшая. Напрыклад, ва ўкраінскай анлайн-краме цэны на бульбу цяпер стартуюць з 8 грыўняў за кілаграм — гэта 75 беларускіх капеек, як і каштавала бульба у Беларусі год таму.

У польскай анлайн-краме пяць кілаграм бульбы можна купіць за 7,99 злотых (1 кілаграм, такім чынам, абыдзецца ў 1,6 злотых, або ў 96 беларускіх капеек).

У анлайн-краме ў Літве цэны на бульбу стартуюць з 29 еўрацэнтаў за кілаграм. У рублях гэта 82 капейкі. Праўда, цана пазначаная са зніжкай.

Тым часам у Расіі кілаграм бульбы можна набыць за 55 расійскіх рублёў. Гэта 1.85 беларускага рубля. І гэта пры зніжцы ў 30%.