Былога намесніка мэра Мінска абвінавачваюць у крадзяжы і злоўжыванні
У дачыненні да былога чыноўніка Мінгарвыканкама Андрэя Дамарацкага распачатыя дзве крымінальныя справы — па арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) і арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі).

«Расследаванне працягваецца. Мужчына знаходзіцца пад вартай», — паведамілі БЕЛТА ў Следчым камітэце.
Андрэй Дамарацкі быў затрыманы 7 траўня. Матэрыялы на яго збірала УБЭЗ ГУУС. Галоўнае ўпраўленне спажывецкага рынку Мінгарвыканкама Дамарацкі узначальваў з верасня 2017 года.
Да гэтага Андрэй Дамарацкі займаў пасаду намесніка старшыні Мінгарвыканкама, пасля гэтую пасаду скарацілі: ён курыраваў гандаль.
Яго папярэдніка — Сяргея Барысевіча — таксама затрымалі. У красавіку 2017 года КДБ заявіў аб падазрэнні ў карупцыі.
Паводле naviny.by