Дэлегацыя Беларусі правядзе ў Вашынгтоне перамовы з МВФ
Беларуская дэлегацыя 15—16 красавіка ўдзельнічае ў вясновай сесіі Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду, якая праходзіць у Вашынгтоне. У рамках візіту запланаваныя перамовы па новай крэдытнай праграме МВФ для Беларусі.
Паводле інфармацыі БелаПАН, дэлегацыю ўзначальвае намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрый Калечыц. У склад дэлегацыі таксама ўваходзяць першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч, першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі, памочнік прэзідэнта па эканамічных пытанняхКірыл Руды.
На мінулым тыдні міністр фінансаў Уладзімір Амарын паведаміў журналістам, што ў Вашынгтоне беларуская дэлегацыя плануе правесці чарговы раўнд перамоваў аб новай крэдытнай праграме МВФ. Міністр даў зразумець, што заключэнне новага крэдытнага пагаднення з МВФ з'яўляецца пажаданым для Беларусі ў сувязі з планамі ўрада размясціць на знешнім рынку новы выпуск еўрааблігацый (на суму да 1 млрд. долараў) да канца 2016 года. "Падчас нашага дэбютнага выхаду з еўрааблігацыямі (у 2010 годзе. — БелаПАН.) важкай умовай была наяўнасць праграмы з Міжнародным валютным фондам. Пазітыўныя сігналы ў перамовах з МВФ будуць станоўча разглядацца інвестарамі і ў гэты раз", — мяркуе Амарын.
Раней беларускія ўлады заяўлялі, што праграма з МВФ можа быць падпісаная ў студзені—лютым 2016 года. Прычыны, па якіх гэтага не адбылося, урад не каментуе.
Нагадаем, апошняя місія МВФ, падчас якой беларускія ўлады абмяркоўвалі з крэдыторам магчымасці супрацоўніцтва, наведала Мінск у лістападзе 2015 года. Кіраўнік місіі Пітэр Долман тады адзначаў, што праграма, якую фонд абмяркоўвае з беларускімі ўладамі, мае на ўвазе глыбокія структурныя рэформы. "Гаворка ідзе пра трохгадовую праграму з акцэнтам на глыбокія структурныя рэформы. Яны павінны быць нацэленыя на павышэнне ролі прыватнага сектара ў прыняцці эканамічных рашэнняў", — сказаў Долман.
У рамках новай крэдытнай праграмы з МВФ Беларусь разлічвае атрымаць новы крэдыт у памеры 3 млрд. долараў.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН