Deutsche Welle: Без рэзкай дэвальвацыі Беларусь страціць рынак МС

Паўзучая дэвальвацыя ўжо не ратуе эканоміку краіны.



rubl.jpg

За першы месяц 2014 даляр у Расеі падаражэў на 8 адсоткаў, а 11 лютага кіраўніцтва Казахстана прыняло пастанову абваліць тэнге адразу на 20 адсоткаў, патлумачыўшы дэвальвацыю неабходнасцю надаць дадатковы імпульс эканоміцы для павышэння канкурэнтаздольнасці. Упала ў кошце і грыўна ў суседзяў ва Украіне.
У Беларусі ж сітуацыя на валютным рынку развіваецца, адпаведна са студзеньскай заявы прэзідэнта: «Штучна дэвальваваць нацыянальную валюту «пад свежы глыток» БелАЗу і МАЗу мы не будзем». Гэта пры тым, што ў краіне склаліся класічныя ўмовы для паслаблення відавочна дырэктыўнай ўстойлівасці беларускага рубля.
На фоне валютных узрушэнняў у рамках Мытнага саюза і ва Украіне Беларусь з яе плаўнай дэвальвацыяй нацыянальнай валюты выглядае астраўком спакою. Нягледзячы на тое, што за 2013 былі выкананыя толькі два прагнозных паказчыка эканамічнага росту з васьмі - на 12 працэнтаў паменшаная энергаёмістасць ВУП і на 17 працэнтаў выраслі даходы насельніцтва - курс амерыканскай валюты падрастаў вельмі павольна і пасля нязначных ваганняў з пачатку года павялічыўся ў кошце крыху больш, чым на 100 рублёў.
За першую палову лютага еўра падскочыў ўжо на 260 рублёў. Але трэба памятаць, што беларускі рубель каштуе ўсяго толькі адну дзесяцітысячную частку даляра, так што паўзучая дэвальвацыя нацыянальных грошаў праходзіць практычна незаўважна.

У акіяне праблем


Затое ўсё больш прыкметнымі становяцца трывожныя тэндэнцыі ў беларускай эканоміцы. За мінулы год золатавалютныя рэзервы краіны скараціліся на адну шостую частку - на 1,4 мільярда даляраў. Толькі за студзень 2014-га яны зменшыліся яшчэ на 428 млн. Праз падзенне аб'ёмаў экспарту ў мінулым годзе Беларусь не далічылася 10 мільярдаў даляраў, адмоўнае сальда замежнага гандлю таварамі і паслугамі склала 1,7 мільярда даляраў.
Да таго ж студзеньскі рывок інфляцыі і без дэвальвацыі за адзін раз рэзка абясцэніў пакупніцкую здольнасць беларускіх грошаў. Вытворчасць прадукцыі становіцца ўсё даражэйшай. Гэта пагражае экспарцёрам стратай замежных рынкаў, у той час як менавіта цэнавы фактар быў вырашальнай перавагай тавараў з Беларусі, многія з якіх, напрыклад, цэмент ці малочныя прадукты, прадаюцца ў той жа Расеі ніжэй за сабекошт. Змяншэнне экспарту вядзе да росту таварных запасаў на складах, з якім нядаўна загадаў неміласэрна змагацца кіраўнік беларускай дзяржавы.

Без зменаў не абысціся


Аб сур'ёзных праблемах у эканоміцы Беларусі цяпер услых разважаюць не толькі незалежныя эканамісты, але і адказныя чыноўнікі, якія зрабілі на мінулым тыдні шэраг крытычных заўваг пра стан эканомікі, пакуль прэзідэнт Лукашэнка ў Сочы падтрымліваў беларускіх алімпійцаў.
Пры гэтым ніхто з функцыянераў так і не заявіў, што варта рабіць для выхаду з цяперашняга становішча. Бо паўзучае падзенне курсу беларускага рубля не можа павысіць канкурэнтаздольнасць тавараў з Беларусі ў рамках Мытнага саюза, у той час як з дапамогай «канкурэнтнай дэвальвацыі» аб прасоўванні сваёй прадукцыі паклапаціліся Казахстан і Расея.
Продажы беларускай прадукцыі і паслуг у Казахстан складаюць крыху больш за 3 працэнты ў агульным аб'ёме беларускага экспарту за мінулы год. Расейскі ж рынак у 2013 годзе стаў для беларусаў асноўным. На экспарт у рэгіёны Расеі ідзе больш за 50 працэнтаў тавараў, а паводле некаторых групаў экспартуецца і да 90 адсоткаў прадукцыі. Так што рабіць выгляд, што змены на валютным рынку суседзяў у інтэграцыі ніякім чынам не закрануць беларусаў, ва ўладаў відавочна не атрымаецца.

З двух бедаў


Беларускае кіраўніцтва, як і ў 2009 і ў 2011 гадах, калі была абясцэнена нацыянальная валюта, зноў апынулася ў той жа сітуацыі: выбіраць прыйдзецца з двух бед адну. Адмова ад дэвальвацыі «перакрые кісларод» экспарту тавараў, і не толькі ў краіны Мытнага саюза, а абвал рубля стане ударам па насельніцтву, якое даверыла дзяржаве свае зберажэнні, праўда, больш, чым пад 40 адсоткаў гадавых.
Выбар валютнай палітыкі ў Беларусі цалкам залежыць ад пастановы Лукашэнкі, Нацбанк - структура несамастойная. Пакуль жа дзіўную рашучасць праявіў беларускі ўрад, запатрабаваўшы ад прадпрыемстваў БелАЗ, МАЗ і Менскага трактарнага завода ў 2014 годзе прадаць на экспарт 90-98 працэнтаў вырабленай прадукцыі, якую самі ж міністры прызналі неканкурэнтаздольнай.Але экспарцёры наўрад ці змогуць выканаць гэтае патрабаванне, калі кошты на іх прадукцыю будуць вышэйшыя, чым у канкурэнтаў. Так што без абясцэньвання беларускага рубля ўладам усё ж не абысціся.

Deutsche Welle