Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў скараціўся за студзень-люты больш чым на 60%
Афіцыйная статыстыка сведчыць, што ў студзені-лютым пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў на знешнія рынкі знізіліся на 62,4% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведамляе www.racyja.com.
Так, за студзень-люты на знешнія рынкі было пастаўлена 736,7 тыс. тон нафтапрадуктаў (за студзень-люты 2019-га — амаль 2 млн тон).
Пры гэтым пастаўкі нафтапрадуктаў на ўкраінскі рынак, які, на думку беларускага боку, з’яўляецца прэміяльным, знізіліся ў меншай ступені. За студзень-люты Беларусь паставіла ва Украіну 331,7 тысяч тон нафтапрадуктаў, на 17% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у краіны далёкага замежжа (па-за СНД) у студзені-лютым склаў 395 тыс. тон, што амаль на 75% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Рэзкае скарачэнне экспартных паставак беларускіх нафтапрадуктаў адбылося з-за значнага зніжэння імпарту нафты. За студзень-люты гэтага года Беларусь імпартавала 903,2 тыс. тон нафты, што больш як утрая меней у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
На працягу першых месяцаў года Беларусь і Расія не маглі дамовіцца пра ўмовы паставак расійскай нафты на беларускія НПЗ. У сакавіку па выніках сустрэчы прэм’ер-міністраў дзвюх краін было заяўлена, што бакі дасягнулі „прынцыповых дамоўленасцяў па параметрах супрацоўніцтва ў нафтавай сферы, якія ўлічваюць узаемныя інтарэсы бакоў”.
Канцэрн „Белнафтахім” у пачатку красавіка заявіў, што ў гэтым месяцы ў Беларусь можа паступіць да 2 млн тон расійскай нафты.
У 2019 годзе Беларусь імпартавала з Расіі 18 млн тон нафты. Міжурадавае пагадненне на 2020 год прадугледжвае, што ў рэспубліку паступіць 24 млн тон нафты.
belapan.by,
www.racyja.com