І такое бывае: МАРГ абвінаваціў «Белтэхагляд» у дыскрымінацыі
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) запатрабавала вярнуць незаконна ўзятыя з дыягнастычных станцый грошы.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю вынесла папярэджанне «Белтэхагляду». Адпаведны дакумент з'явіўся на афіцыйным сайце ведамства, піша Th*nktanks.
«Белтэхагляд» распрацаваў тэхналагічную інструкцыю аб патрабаваннях да правядзення тэхагляду транспартных сродкаў і прапаноўваў яе набываць станцыям, якія праводзяць тэхагляд. Пры гэтым станцыі, якія ўваходзяць у структуру ўнітарнага прадпрыемства, атрымлівалі яе бясплатна. Такую практыку ў МАРГ палічылі дыскрымінацыйнай.
Ад прадпрыемства запатрабавалі стварыць роўныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў рынку.
Акрамя таго, да 1 ліпеня «Белтэхагляд» павінен вярнуць грошы, атрыманыя ад дыягнастычных станцый за такія інструкцыі ў 2022-2023 гадах.
МАРГ падкрэсліў, што ў паўнамоцтвах «Белтэхагляду» — толькі вызначыць змест інструкцыі. Да 1 ліпеня прадпрыемству загадана вызначыць патрабаванні да зместу інструкцыі, каб любая станцыя магла яе распрацаваць самастойна.
А днямі стала вядома, што Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю вынесла папярэджанне і Міністэрству аховы здароўя. Гаворка ішла аб стварэнні дыскрымінацыйных умоў у дачыненні да аптэк.