IBM будзе вырабляць чыпы на «Інтэграле»?
На наступным тыдні ў Беларусь прыедзе дэлегацыя сусветна вядомай амерыканскай кампаніі IBM, якой будуць паказаныя магутнасці і магчымасці «Інтэграла» на прадмет размяшчэння вытворчасці чыпаў і элементнай базы.
«Ужо на наступным тыдні павінен адбыцца візіт дэлегацыі IBM на «Інтэграл». Амерыканская карпарацыя выказала гатоўнасць разгарнуць на базе беларускага прадпрыемства вытворчасць мікрасхем па сваіх тэхналогіях і ноў-хаў. То бок, «Інтэграл» асвоіць новую лінейку прадуктаў па ліцэнзіях гэтай кампаніі», — заявіў кіраўнік адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Валер Цэпкала, транслюючы вынікі перамоваў прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча з кіраўніцтвам IBM і Microsoft.
У сваю чаргу, Microsoft дапаможа са стварэннем «электроннага ўрада»: у кастрычніку ў Беларусь прыедзе група экспертаў Microsoft, якая прапануе свае рашэнні ў галіне аказання электронных паслуг грамадзянам і бізнэсу, паведамляе прэс-служба ўрада.