Пан Гі Мун пахваліў Лукашэнку за ягоную пазіцыю па Украіне
Генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун высока ацаніў ролю Беларусі і асабіста Аляксандра Лукашэнкі ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне.
«Адзначаю разумную палітыку кіраўніка Беларусі ў адносінах да сітуацыі ва Украіне. Спыненне агню адбылося дзякуючы дамове, падпісанай у Мінску», — сказаў генеральны сакратар ААН, сустракаючыся ў Нью-Ёрку з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам.
«Вашы адносіны і з Украінай, і з Расіяй ставяць Беларусь у вельмі добрае становішча. Спадзяюся, што адкрыты дыялог будзе спрыяць паляпшэнню сітуацыі», — цытуе Пан Гі Муна прэс-служба ўрада.
У сваю чаргу Мясніковіч падкрэсліў, што дзякуючы адкрытаму дыялогу, які адбыўся ў Мінску, удалося пераламаць сітуацыю і накіраваць яе ў мірнае рэчышча, згортваюцца актыўныя ваенныя дзеянні. «Беларускі бок ініцыятыўна ўдзельнічае ў абмеркаванні пытання аб выхадзе з крызісу. Мы рады, што да нашага голасу прыслухоўваюцца бакі канфлікту. У нас ёсць упэўненасць, што канфлікт будзе згашаны ў бліжэйшы час, пік ужо пройдзены. Дыялог ідзе, людзі сталі чуць адзін аднаго, пачынаецца збліжэнне пазіцый», — упэўнены кіраўнік беларускага ўрада.