Як вырабіць 0 (нуль, ні аднаго, зеро) камбайнаў за месяц і... павялічыць складскія запасы
У маі ў краіне не сабрана ніводнага камбайна збожжаўборачнага. На складах чакаюць пакупнікоў 184 камбайна. Па такіх тэмпах працы гэтага дабра хопіць да жніўня 2016 года.
![gomel_kombajn.jpg gomel_kombajn.jpg](/img/v1/news/full/gomel_kombajn.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пра гэта піша блогер Віктар Малішэўскі.
Калі на тэмпы продажу камбайнаў у апошнія два месяцы (красавік-май) паглядзець, то лепш не глядзець. У красавіку сабралі 2 (два) камбайны, у маі — ніводнага. А на складах колькасць камбайнаў павялічылася з 179 да 184. Сабралі — два камбайны, на склад паставілі — пяць. І такое бывае, так.
Напрыклад, у маі мінулага года краіна збірала 147 камбайнаў, а за ўвесь мінулы год — 847. Цяпер жа, за чатыры месяцы — люты, сакавік, красавік, май — сабрана 11 (!) камбайнаў збожжаўборачных. Дзякуючы такой ненапружанай працы атрымалася з пачатку года знізіць запасы на складах на 75 камбайнаў (сабраўшы пры гэтым 64).
Знізіў складскія запасы (у штуках) і Трактарны завод. Адразу на 1,4 тысячы трактароў. За пяць месяцаў года тут вырабілі 16,4 тысячы трактароў, на складах застаецца 8 600. Гэта мала! Толькі вось за пяць месяцаў 2014-га года МТЗ збіраў 25 700 трактароў. Але запасы ў штуках упалі? Упалі!
І складскія запасы тэлевізараў — з 15,4 тысяч штук у маі 2014 года да 7 800 — сёння. Вытворчасць таксама за тое — з 49 800 штук у студзені-траўні–2014 да 14,8 тысяч — сёння.
259 айчынных аўтобусаў прададзена з пачатку года, а выраблена 285. Склады выраслі ўсяго на 7 няшчасных аўтобусаў. Але ў 2014-м збіралі ў два разы больш — 596 аўтобусаў.
І грузавікоў вырабілі 1 466, прадалі 1 736, што вельмі нядрэнна і на складах прыкладна столькі ж грузавікоў, як у чэрвені 2014 года. Але зноў год таму за пяць месяцаў збіралі 3 281 грузавік. У 2,2 разы больш, так.
«Нягледзячы на затрымкі заробкаў і няпоўны працоўны тыдзень, працаўнікі «Гомсельмаша» вераць у светлую будучыню», — паведамляе тэлеканал СТВ.