Карагін: Каб падтрымаць айчынны бізнес, трэба 7-8 млрд долараў
Указ «Аб падтрымцы эканомікі», накіраваны на падтрымку работы найбольш пацярпелых на фоне пандэміі галін. Дакумент не прадугледжвае выплат прадстаўнікам пацярпелых галін як у іншых краінах, а толькі ўводзіць у дзеянне меры, якія могуць на час палегчыць іх працу.
Каму і як дапаможа ўказ распавёў Уладзімір Карагін, старшыня вышэйшай каардынацыйнай рады «Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва». На яго думку, гэты пакет можна разглядаць як першы крок на пэўны кароткатэрміновы перыяд.
— Мы чакаем і іншых крокаў падтрымкі эканомікі, — сказаў Уладзімір Карагін. — Прызнаюся, мы былі адкрыта незадаволеныя тым, што чакалі прыняцця ўказа 40 дзён, гэта вельмі доўга. На жаль, урад тут схітраваў і дачакаўся аплаты падаткаў у першым квартале — усе меры дакумента датычацца падаткаў на другі і трэці квартал. Але добра тое, што ўказ нарэшце прыняты, добра, што ёсць канкрэтыка і пэўнасць, так неабходная бізнэсу. Гэта нават важней мер, што прымаюцца — дакумент дазваляе планаваць працу, разумець, ці варта працягваць працаваць, або лепш закрыць справу і распусціць людзей.
Тое ж пытанне арэнды, як лічыць Уладзімір Карагін, зусім не простае.
— У адносіны прыватнага арэндадаўца і арандатара ўмешвацца нельга — можна толькі рэкамендаваць знізіць аплату арэнды. Але тады гэта трэба кампенсаваць зніжэннем падатку на зямлю або прадаўжэннем крэдыту. Але гэта не функцыя ўрада, такі падатак можа знізіць толькі абласны савет дэпутатаў. Пра гэта гаворыцца ва ўказе. З іншага боку, гэта выпадзенне грошай з мясцовага бюджэту, што таксама трэба ўлічваць, — адзначае эксперт.
Яшчэ адзін момант: калі вызваліць бізнэс ад выплаты падаткаў у ФСАН, як у іншых краінах, мы не зможам плаціць пенсіі — у нас няма ніякіх стабілізацыйных фондаў і рэзерваў, як у іншых краінах, бо менавіта з іх выплочваюць грошы ў іншых краінах.
— Я палічыў: для таго каб больш-менш падтрымаць айчынны бізнес, трэба 7-8 млрд долараў. Але такіх грошай няма. Зразумела, што наша бюджэтная сістэма мае абмежаваныя магчымасці, усіх падтрымліваць яна не можа, — рэзюмуе Уладзімір Карагін.
Паводле Заўтра тваёй краіны