Румасу далі па руках: «Лукашэнка асабіста дае ўказанні, якія кошты абмяжоўваць»

Кіраўнік краіны запатрабаваў ад урада не ўмешвацца ў дзейнасць... аднаго з міністэрстваў. У чым падаплёка гэтага даручэння?

lukas_1.jpg

На нарадзе ў мінулы чацвер Аляксандар Лукашэнка зрабіў цікавую заяву.
«Ураду не варта ўмешвацца ў дзейнасць міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Няхай міністр са сваімі падначаленымі прымае рашэнні», — сказаў кіраўнік краіны.
Затым дадаў:
«Трэба захаваць цэнавую устойлівасць па меншай меры на самыя важныя для людзей тавары і паслугі».
UDF.BY пацікавіўся ў экспертаў, што стаіць за дзіўным указаннем Лукашэнкі.

«Цэлы шэраг тавараў можа проста знікнуць з паліц крам. Шэраг гандлёвых прадпрыемстваў ліквідуецца»

Старшыня Вышэйшага каардынацыйнага савета Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін ў каментары UDF.BY адзначыў, што справа ў нядаўніх пастановах МАРТ.
У канцы сакавіка была прынятая пастанова № 184 «Аб часовых мерах па стабілізацыі сітуацыі на спажывецкім рынку», якая прадугледжвала ўвядзенне жорсткага дзяржрэгулявання цэн на ўсе спажывецкія тавары. Але праіснавала яно ўсяго некалькі тыдняў.
Ужо 15 красавіка МАРТ прыняў новую пастанову № 30, у адпаведнасці з якой усталяваны пералік толькі з 26 сацыяльна-значных тавараў, цэны на якія на працягу трох месяцаў будуць рэгулявацца дзяржавай. Дакумент быў расцэнены як крок наперад.
Папярэднюю пастанову № 184 урад адмяніў праз два дні.
«Загад узяць пад кантроль цэны МАРТ атрымаў не ад урада, а ад іншай інстанцыі — у нас не адзін урад кіруе краінай. Але пры падзенні беларускага рубля пастанову № 184, не ўзгаднілі з дзелавой супольнасцю, фактычна рабілі загадзя нявыгадым увесь гандаль. Мы, вядучыя бізнес-асацыяцыі, напісалі з гэтай нагоды калектыўны ліст — і МАРТ нас зразумеў. Замест гэтага прынялі іншую пастанову. Але зноў-такі зрабілі не так, як мы рэкамендавалі», — распавёў, як развіваліся падзеі, Карагін.
Ён лічыць, што беларускі гандаль можа сутыкнуцца з сур’ёзнай пагрозай.
«Адсутнасць комплексных, сістэмных рашэнняў нясе шкоду і спажыўцу, і самому гандлю. Цэлы шэраг тавараў можа проста знікнуць з паліц крам. Шэраг гандлёвых прадпрыемстваў ліквідуецца, а значыць не будзе плацельшчыкаў арэнды, зямельных падаткаў, паменшыцца занятасць», — папярэдзіў Карагін.

«Атрымліваецца, што кіраўнік урада Румас не можа кіраваць міністэрствам»

Эканаміст Леў Марголін у каментары UDF.BY назваў ўказанне кіраўніка дзіўным «вельмі цікавым і незвычайным».
«Атрымліваецца, што кіраўнік урада Сяргей Румас не можа кіраваць міністэрствам, якое ўваходзіць у склад урада. Гэта значыць, што існуе нейкі канфлікт інтарэсаў паміж Лукашэнкам (ці Адміністрацыяй прэзідэнта) і ўрадам», — лічыць Марголін.
Эканаміст мяркуе, што МАРТ прыняў пастанову № 184 не па сваёй волі.
«Не выключана, што Лукашэнка асабіста дае прамыя ўказанні МАРТу, якія кошты кантраляваць, якія кошты абмежаваць і г.д. І не хоча, каб яму ўрад у гэтай справе перашкаджаў», — сказаў Марголін.
Дадамо, што некалькі гадоў таму Лукашэнка ў пасланні беларускаму народу і парламенту зладзіў публічны разнос цяперашняму міністру антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзіміру Калтовічу.
«Адыходзячы ад задачы ён заявіў: вы ведаеце, мы больш не будзем кантраляваць цэны, мы будзем больш арыентавацца на развіццё канкурэнцыі. Ці можа я дрэнна пачуў ці не зразумеў штсьці? Паўтараю вам публічна: ваша задача — кантроль за цэнаўтварэннем», — сказаў кіраўнік краіны паднятаму з месца міністру.
Каментуючы ўказанне Лукашэнкі ўраду не ўмешвацца ў дзейнасць МАРТа, Марголін рэзюмаваў: «Яно з разраду незразумелых рашэнняў, якія не маюць нічога агульнага з рынкавай эканомікай».
Паводле udf.by