КДК: у Беларусі выяўлены крыптаабменнік, праз які фінансаваліся пратэсты
У Беларусі спыненая праца крыптаабменніка, праз які ў тым ліку фінансаваліся фонды, праваабарончыя цэнтры і некамерцыйныя арганізацыі, што падтрымлівалі «незаконную пратэсную дзейнасць», паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на ДФР КДК.
![d8ogidjwsaap9yb.jpg d8ogidjwsaap9yb.jpg](/img/v1/images/d8ogidjwsaap9yb.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Рэсурс у інтэрнэце для «незаконнай куплі і продажу крыптавалюты» стварылі грамадзяне Беларусі і Еўрасаюза, разлікі яны праводзілі пераважна наяўнымі грашыма, паведамляюць кантралёры. Крыптаабменнік працаваў на ананімнай аснове.
Па фактах ухілення ад выплаты падаткаў у дачыненні да 5 грамадзян Беларусі ўзбуджаная крымінальная справа. Нанесеная дзяржаве шкода перавысіла 8 мільёнаў рублёў.
Фінансавая міліцыя канфіскавала больш за 200 тысяч долараў і 65 тысяч еўра, яшчэ больш за 370 тысяч долараў былі заблакаваныя на разліковых рахунках у беларускіх і замежных банках. Накладзены арышт на маёмасць і транспартныя сродкі.
КДК таксама выявіў грамадзян, фонды і арганізацыі, якія быццам незаконна фінансаваліся з-за мяжы праз крыптаабменнік. Іх дзеянням будзе дадзена прававая ацэнка.