Колькі плаціць беларускім чыноўнікам?

Сацыяльна-злосная петыцыя, якая датычыць чыноўнікаў у Беларусі ды іх заробкаў, з’явілася на самым пярэдадні новага году.

Фота president.gov.by

Фота president.gov.by

Нагоду для яе складання аўтары пазначаюць так: «Пакуль зарплаты чыноўнікаў і дэпутатаў беспадстаўна растуць, заробкі асноўнай масы насельніцтва застаюцца нязменнымі або нават падаюць».
«Дзеля сацыяльнай справядлівасці»
прапануецца прыраўняць заробкі старшыняў райвыканкамаў да сярэдняга па раёне, кіраўнікоў аблвыканкамаў — па вобласці, міністраў ды кіраўніка краіны — да сярэдняга па Беларусі, а дэпутацкія даходы — каб былі на ўзроўні сярэдніх заробкаў па іхніх выбарчых акругах. Апрача ўстанаўлення сацыяльнай справядлівасці, гэта, на думку аўтараў петыцыі, «дапаможа заахвоціць чыноўнікаў і заканадаўцаў працаваць дзеля дабрабыту народа».
Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярэдні заробак у Беларусі ў лістападзе 2019 года склаў 1113 рублёў.
Што да заробкаў чыноўнікаў, то прыблізна іх можна вылічыць паводле дэкларацыях аб даходах, якія некаторыя «вертыкальшчыкі» апублічылі, калі нядаўна вылучаліся кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Дык вось райвыканкамаўскія начальнікі атрымліваюць прыкладна пад 3500 рублёў на месяц.
Паўтара месяцы таму пра заробкі вярхушкі чыноўніцтва пісаў тэлеграм-канал «Эканоміка». Паводле гэтых дадзеных, адзін чыноўнік у Беларусі атрымлівае 10 тысяч рублёў. Пяцёра — ад 7 да 10 тысяч рублёў. 21 топ-чыноўнік — ад 5 да 7 тысяч рублёў. Яшчэ крыху болей за сто чыноўнікаў маюць заробкавы даход у памеры 4–5 тысяч рублёў. Зазначым: гэта ўсе лічбы да сплаты падаткаў. Дэпутацкі заробак складае каля 2800 рублёў.