Літва спрашчае пераезд супрацоўнікам кампаній з трэціх краін, у тым ліку з Беларусі

Урад Літвы 21 красавіка ўхваліў пакет заканадаўчых паправак, якія палягчаюць пераезд членам сем'яў і супрацоўнікам кампаній з трэціх краін, якія рэлакуюцца ў краіну поўнасцю або часткова. Папраўкі ініцыяваныя Міністэрствам эканомікі і інавацый, паведамляецца на сайце літоўскага ўрада.

gettyimages_509259791_567339415f9b586a9e3811be.jpg


«Каб павысіць нашу канкурэнтаздольнасць, прыцягнуць яшчэ больш замежных інвестыцый і талентаў, мы павінны прапанаваць ім прывабныя ўмовы, — заявіла міністр эканомікі і інавацый Аўшрыне Арманайтэ. — Сярод іх — зручны пераезд супрацоўнікаў і членаў іх сем'яў у Літву. Я спадзяюся, што нашы суседзі беларусы таксама скарыстаюцца гэтай магчымасцю, каб бяспечна працягнуць сваю дзейнасць у Літве. У цяперашні час больш за 100 беларускіх кампаній зацікаўленыя ў інвеставанні і пераездзе ў Літву», — піша TUT.BY са спасылкай на БелаПАН.

Папраўкі да законаў аб інвестыцыях, працаўладкаванні і прававым статусе замежнікаў дазволяць падаваць заяву на атрыманне віду на жыхарства не толькі высокакваліфікаваным спецыялістам, але і звычайным супрацоўнікам рэлакуемых кампаній. Як адзначаецца, служба занятасці «не будзе ацэньваць кваліфікацыю або досвед працы такіх супрацоўнікаў, пытанне аб іх прафпрыдатнасці будзе вырашаць сам інвестар».

Акрамя таго, не будзе ацэньвацца і тое, ці адпавядаюць члены сям'і, якія пераязджаюць разам з супрацоўнікам, патрэбам рынку працы.

Змены датычацца кампаній з трэціх краін, якія ўзялі на сябе абавязкі інвеставаць у Літву 1,45 млн. еўра і больш і стварыць не менш за 20 працоўных месцаў.

Сейм Літвы разгледзіць прапанаваныя папраўкі на вясновай сесіі. У выпадку прыняцця яны ўступяць у сілу 1 чэрвеня гэтага года.

Паводле інфармацыі прэс-службы літоўскага ўрада, «са жніўня мінулага года, калі ў Беларусі пачаліся масавыя пратэсты супраць аўтарытарнага рэжыму, шматлікія кампаніі, заснаваныя ў гэтай краіне ці яе грамадзянамі, пераехалі ў Літву», у тым ліку «Epam Systems», «Wargaming», «Coherent Solutions», «Godel Technologies» і іншыя.

Паводле звестак агенцтва развіцця замежных інвестыцый «Invest in Lithuania», амаль 80 беларускіх кампаній ужо пачалі працэс рэлакацыі або актыўна разглядаюць магчымасць пераносу сваёй дзейнасці ў Літву.