МЗС Літвы: прызначаная амбасадарка ЗША ў Беларусі будзе часова акрэдытаваная ў Вільні

Прызначаная амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр можа быць часова акрэдытаваная ў Вільні. Пра гэта заявіў сёння намеснік міністра замежных спраў Літвы Мантас Адаменас.

Джулі Фішэр і Святлана Ціханоўская. Фота: t.me/tsikhanouskaya

Джулі Фішэр і Святлана Ціханоўская. Фота: t.me/tsikhanouskaya


«Быў такі фармальны зварот ЗША да урада Літоўскай Рэспублікі з просьбай часова акрэдытаваць амбасадарку ў Літве. ( ... ) Урад яшчэ павінен сфармуляваць афіцыйную згоду. Гэта нас неверагодна радуе», — цытуе Адаменаса REFORM.by.

Паводле слоў Адаменаса, запыт быў атрыманы ў панядзелак.

Амбасада ЗША ў Літве пацвердзіла, што Фішэр яшчэ не атрымала беларускую візу, але не стала каментаваць магчымасць яе акрэдытацыі ў Вільні. Як паведамілі ў амбасадзе, Фішэр працягне мець зносіны з беларусамі, якія пражываюць за межамі краіны, у тым ліку з лідарамі пратэснага руху, а таксама будзе супрацоўнічаць з саюзнікамі і партнёрамі ЗША ў Еўропе.

Акрамя гэтага, у пасольстве праінфармавалі, што візы не атрымалі яшчэ пяцёра дыпламатаў ЗША.

Нагадаем, Джулі Фішэр заявіла, што гатовая прыехаць у Мінск, але не можа, таму што не атрымала беларускую візу. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што Мінск гатовы прыняць амбасадарку «ў любы час», але павінен мець поўную яснасць аб статусе Фішэр у Беларусі. «Калі яна збіраецца прыехаць і рабіць заявы аб нелегітымнасці рэжыму, то які сэнс тады рабіць гэта», — заявіў Макей.