Рассельгаснагляд узяўся за «санкцыёнку»? У Расію не пусцілі 40 тон прадукцыі з Беларусі
Паводле паведамленняў Рассельгаснагляду, ведамства за суткі не дазволіла ўвесці ў Расію 40 тон прадукцыі з Беларусі.
20 красавіка на палігоне цвёрдых бытавых адходаў у Себежы былі знішчаныя «механічным шляхам» увезеныя з Беларусі 20 тон груш. Грузавік з садавінай быў затрыманы пры правядзенні сумесных мерапрыемстваў супрацоўнікамі памежнага ўпраўлення ФСБ і АКВОТ Пскоўскай мытні. Груз спрабавалі правезці з Беларусі на тэрыторыю Расіі ў абыход фітасанітарных пастоў, паведамляе REFORM.by.
Свежыя грушы гатунку «Канферэнцыя» агульнай вагой 19,9 тоны перадалі Рассельгаснагляду, які і выявіў з дапамогай маркіровачных этыкетак вытворцу — Нідэрланды. Краінай-імпарцёрам значылася Беларусь.
Фітасанітарны сертыфікат і іншыя суправаджальныя дакументы, якія ўстанаўліваюць паходжанне і пацвярджаюць бяспеку і якасць прадукцыі, прад’яўленыя не былі, сцвярджаюць у Рассельгаснаглядзе.
21 красавіка Рассельгаснагляд вярнуў у Беларусь 20 тон кількі. Аўтамабіль з 19,8 тоны марожанай кількі ехаў з Беларусі ў Санкт-Пецярбург у фірму, якая займаецца аптовым гандлем рыбай, ракападобнымі, малюскамі і кансервамі.
Пры ветэрынарным кантролі грузу ў вёсцы Далосцы Пскоўскай вобласці было выяўлена парушэнне тэхнічных рэгламентаў. У прыватнасці, інспектары выявілі, што 12,1 тоны марожанай кількі было выпрацавана з 10,2 тоны астуджанай кількі — гэта значыць, колькасць замарожанай прадукцыі перавышае колькасць выкарыстанай для вытворчасці сыравіны на 16%.
Груз вярнулі адпраўніку.
У абодвух выпадках беларускую прадукцыю затрымлівала ўпраўленне Рассельгаснагляду па Санкт-Пецярбургу, Ленінградскай і Пскоўскай абласцях.