Лукашэнка падпісаў указ, які дае права ўводзіць любыя валютныя абмежаванні ў краіне

Лукашэнка падпісаў указ № 154, якім Нацбанку даецца права ўводзіць валютныя абмежаванні аж да поўнай забароны на ўсе валютныя аперацыі.

image014_0.jpg

Як паведамляецца, указ прыняты ў мэтах прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць з законам ад 30 чэрвеня 2020 года N 36-3 «Аб змяненні законаў па пытаннях валютнага рэгулявання і валютнага кантролю», які ўступае ў сілу з 9 ліпеня 2021 года.
З аднаго боку, указ, як і сам закон, адмяняе ўсе цяпер існуючыя валютныя абмежаванні. Але з іншага, указ №154 дае Нацбанку паўнамоцтвы сумесна з Саўмінам уводзіць валютныя абмежаванні «ў выпадку пагрозы эканамічнай бяспецы, у тым ліку стабільнасці фінансавай сістэмы, калі сітуацыя не можа быць вырашана іншымі мерамі эканамічнай палітыкі». Прычым якіх-небудзь абмежаванняў на гэтыя самыя абмежаванні няма і Нацбанк можа нават усталяваць поўную забарону на правядзенне валютных і валютна-абменных аперацый. Адзінае, абмежаванні могуць быць устаноўлены тэрмінам да 1 года.
Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ) ужо пракаментавала ўказ Лукашэнкі, назваўшы яго падрыхтоўкай да канфіскацыі ў насельніцтва сродкаў.
«Пра цяперашнюю сітуацыю ў эканоміцы мы ўжо пісалі не раз — і папярэджвалі пра абмежаванні. Сёння нам усім важна зразумець: акрамя абмежаванняў, ні ў Нацбанка, ні ў рэжыму не засталося адэкватных метадаў рэгулявання эканомікі. А для ўтрымання ўлады рэжым пойдзе на любыя меры — ад забароны на продаж валюты да замарозкі і нават экспрапрыяцыі ўкладаў. Тут нам варта ўспомніць і выкрыццё дэпазітарных ячэек у "Белгазпрамбанку" ў чэрвені 2020 года, змесціва якіх да гэтага часу вярнулі далёка не ўсім», — заяўляюць у НАУ.
Паводле ej.by