Менш чым за год Беларусь страціла 4500 малых кампаній

Колькасць кампаній малога бізнесу ўпала ва ўсіх рэгіёнах краіны. 2021 працягнуў шматгадовы трэнд па скарачэнні «малой» эканомікі.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Кожны месяц чыноўнікі абнаўляюць інфармацыю аб колькасці кампаній малога бізнесу ў РБ. Па беларускай методыцы да малых арганізацый адносяцца кампаніі, у якіх працуюць ад 16 да 100 чалавек. Мікрабізнес як юрыдычная асоба прадстаўлены кампаніямі з персаналам ад 1 да 15 чалавек. Такая інфармацыя выступае альтэрнатывай статыстыцы па колькасці актыўных бізнесаў. Статорганы публікуюць замеры па актыўных бізнесах толькі раз на год, тады як аператыўныя даныя па малым бізнесе набліжаныя да рэальнага часу.
2021 працягнуў негатыўную тэндэнцыю крызіснага 2020-га. З 1 студзеня па 1 снежня колькасць арганізацый малога бізнесу скарацілася на 4,5 тысячы — са 102,2 да 97,5 тыс. адзінак. Параўнайце лічбы па 2020-м: за 11 месяцаў колькасць малых кампаній зменшылася са 104,5 да 102,5 тыс. Атрымліваецца, што адносна цяжкага для беларусаў 2020 года тэмпы "растварэння" малога бізнесу кратна выраслі.
Таксама падае доля малых бізнесаў у напаўненні казны, якое кантралююць падаткавікі. Калі ў 2020-м па выніках 11 месяцаў малыя кампаніі забяспечылі 26,3% даходных паступленняў, то за такі ж перыяд у 2021-м — ужо 24,8%. Зніжэнне ўдзельнай вагі падаткаў і збораў сфарміравалі арганізацыі з персаналам ад 16 да 100 чалавек. Іх доля ў агульным фіскальным катле зменшылася з 17, 5% у мінулым годзе да 16% у бягучым.
У 2021 годзе колькасць малых прадпрыемстваў скарацілася ва ўсіх абласцях і ў Мінску. Напрыклад, па сталіцы за 11 месяцаў колькасць малога бізнесу знізілася з 41,5 да 39,5 тыс. кампаній. Па Беларусі з 1 студзеня па 1 снежня колькасць малых арганізацый з персаналам 16—100 чалавек упала з 11,3 да 10,9 тыс. адзінак, мікраарганізацый з персаналам 1—15 чалавек — з 90,9 да 86,6 тыс.
У 2021 годзе незаўважны працэс узбуйнення малых бізнесаў — гэта пераход кампаній з катэгорыі малых у катэгорыю сярэдніх. У Беларусі да сярэдняга бізнесу адносяць арганізацыі з персаналам ад 101 да 250 чалавек. З 1 студзеня па 1 снежня колькасць сярэдніх бізнесаў засталася на ўзроўні 2152 арганізацый. Верагодна, калі некаторыя малыя кампаніі пераходзяць у кагорту сярэдніх, то ў 2021-м гэта ідзе на фоне выпадзення "старых" бізнесаў. У выніку сальда прыбыцця-выбыцця абнуляецца і колькасць сярэдніх кампаній не мяняецца.
Змяншэнне колькасці малых кампаній, якія плацяць у казну, назіраецца ўжо некалькі гадоў запар. Так, на 1 снежня 2014-га ў краіне было 114 тыс. такіх бізнесаў, на тую ж дату ў 2015-м — 111,9 тыс., у 2016-м — 110,4 тыс., у 2017-м — 110, 2 тыс., у 2018-м — 105,4 тыс., у 2019-м — 104,9 тыс.
banki24.by