Міхаіл Чыгір: Не тымі метадамі ўлады змагаюцца з імпартам

Удзельную вагу тавараў айчыннай вытворчасці ў крамах і аб'ектах грамадскага харчавання Мінска даручана павялічыць да 85%. Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір кажа, што трэба “не адміністрацыйныя абмежаванні ўводзіць, а рабіць канкурэнтную прадукцыю”



mihimg.jpg

Фота nv-online.info

Даручэнне павялічыць удзельную вагу тавараў айчыннай вытворчасці ў крамах і аб'ектах грамадскага харчавання Мінска да 85% было дадзена намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Андрэем Дамарацкім на нарадзе ў Мінску, дзе прысутнічалі больш за 400 кіраўнікоў і заснавальнікаў гандлёвых арганізацый Мінска.

Днём раней Міхаіл Мясніковіч выказаў меркаванне, што аптымальныя суадносіны імпартных і айчынных тавараў на рынку Беларусі павінна складаць прыкладна 15 на 85%.

— Як вам новая ініцыятыва ўладаў?

Міхаіл Чыгір: Я б не сказаў, што яна новая, рыторыка абмежаваць імпарт, “купляць беларускае” гучала і раней. Рабіліся і пэўныя захады ў гэтым накірунку. Проста зараз гэтая тэма набывае, скажам так, новы паварот. Праўда, я не зусім разумею, як яны збіраюцца ўвесці гэтыя 85 працэнтаў на практыцы. Кантралёраў паставяць, ці што? Тут наогул адкрываецца прастора для карупцыі, бо магазінам трэба будзе і пра таваразварот думаць, і пра лічбы на паперы.

 — Ці дапаможа гэтая норма разгрузіць склады айчынных тавараў?

Міхаіл Чыгір: Безумоўна, не дапаможа. Глупства нейкае прыдумалі! У нас мытная прастора - калі чалавек не знойдзе патрэбны тавар у беларускай краме, то тавар прыйдзе з Расеі. Мне ўсё гэта нагадвае савецкія часы, калі была жалезная заслона, але ж зараз на вуліцы 21 стагоддзе. Спажывец добра ведае, які тавар добры, а які дрэнны. Ён можа з’ездзіць у тую ж Польшчу ці Літву і купіць сабе неабходнае. Не тымі метадамі ўлады змагаюцца з імпартам, абсалютна не тымі.

— Як тады абараніць айчынныя тавары?

Міхаіл Чыгір: Выхад адзін — зрабіць іх таннымі і канкурэнтнымі. А ў нас ўсё атрымліваецца з дакладнасцю да наадварот. Канкурэнцыя спарадзіць развіццё вытворчасці, мадэрнізацыю, крокі наперад. А мы топчамся на месцы, хаваем грошы ў пясок.

— Пра мадэрнізацыю кажуць гадамі, аднак зрухаў і на самой справе няма, хоць уклалі вялізныя грошы. У чым справа?

Міхаіл Чыгір: Па-першае, тэхналогіі павінны быць заходнія. Там прагрэс, на іх трэба арыентавацца, а не на Расею, якая і сама купляе тэхналогіі ў Захада. Па-другое, як мне падаецца, прадпрыемствам патрэбен не дзяржаўны прызначэнец, а сапраўдны гаспадар, які будзе глядзець за сваёй гаспадаркай, як за родным дзіцём. А дырэктару, якога сёння прызначылі, а заўтра знялі (у лепшым выпадку — знялі, у горшым — адправілі за краты), абсалютна да лямпачкі і тая мадэрнізацыя, і тое прадпрыемства. Вось з чаго трэба пачынаць. У прадпрыемстваў павінен быць уласнік, які будзе ведаць, што дзяржава не стане ўмешвацца ў яго работу. А розныя адміністрацыйныя абмежаванні людзі ўжо праходзілі пры Саюзе. З 1917 году народ абмяжоўвалі і ўсім вядома чаго за гэты час дасягнула савецкая эканоміка, а чаго — заходняя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя