МЗС назвала спробай блакады законапраект Літвы аб забароне беларускага транзіту

МЗС Беларусі апублікавала каментар прэс-сакратара Анатоля Глаза аб праекце літоўскага «санкцыйнага» закона ў дачыненні да Беларусі, які ўнесены ў Сойм.

МЗС Беларусі. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

МЗС Беларусі. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

На думку Анатоля Глаза, «некаторыя актары пад лозунгамі салідарнасці спрабуюць пад шумок працягнуць праз парламент рашэнні, якія з'яўляюцца проста верхам безадказнасці і цынізму».
Прэс-сакратар ведамства перакананы, што гэтая ініцыятыва з'яўляецца найгрубейшым парушэннем міжнароднага права, не лічачы шматбаковых і двухбаковых абавязацельстваў Літвы.
«Тое, што афіцыйны Вільнюс выбарча трактуе нормы міжнароднага права і шчыра лічыць, што нязручныя для іх нормы можна не выконваць — ужо ні для каго не сакрэт, асабліва пасля драмы з мігрантамі. Але ў дадзеным выпадку гаворка ідзе пра мэтанакіраваную спробу блакады: заблакаваныя паветраныя зносіны, абмежаваныя сухапутныя, цяпер падбіраюцца да чыгуначных», — мяркуе прадстаўнік МЗС.
Анатоль Глаз назваў законапраект «актам варожасці і агрэсіі», які «прамым чынам пагражае харчовай бяспецы шэрагу краін свету».
«Больш за мільярд долараў беларускага экспарту і транзіту забяспечваюць сёння дабрабыт не толькі Клайпедскага порта і літоўскіх чыгунак. Размова ідзе ўжо пра сотні літоўскіх прадпрыемстваў і дабрабыт значнай колькасці літоўскіх сем'яў. Мы ўжо не гаворым аб пагрозе бяспецы транзіту з трэціх краін. Нічым іншым, акрамя бяссільнай злосці растлумачыць гэта нельга. Ужо даўно надышоў час раздумацца і спыніць гэтую безадказную палітыку, якая можа не толькі дэстабілізаваць сітуацыю ў рэгіёне, але і знаходзіцца на мяжы неабвешчанай вайны», — падсумаваў Анатоль Глаз.