Няма куды прадаваць. Беларускія НПЗ працуюць з мінімальнай загрузкай

Беларускія ўлады так і не змаглі арганізаваць перавалку нафтапрадуктаў, якія вырабляюцца на мясцовых НПЗ, праз расійскія порты для наступнага экспарту, і былі вымушаныя знізіць загрузку заводаў да ўзроўню пакрыцця ўнутраных патрэбаў на паліва.

000552_416539_42bfc2b0ceede94f5a0726af278c0905dd918634.jpg


Аб гэтым сёння паведаміў прэм'ер РБ Раман Галоўчанка, паведамляе АФН.

«Для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў ва ўмовах узмацнення жорсткасці санкцый, фактычна блакавальных санкцый, зыходзім з задачы па забеспячэнні ўнутранага рынку. У сувязі з чым збалансавана іх загрузка. У далейшым па меры стабілізацыі сітуацыі і павелічэння экспарту загрузка заводаў будзе ўзрастаць», — паведаміў Галоўчанка, якога цытуе прэс-служба ўрада.

Па словах прэм'ера «Нафтан» цяпер перапрацоўвае 11,7 тыс. т у дзень, Мазырскі НПЗ — 13,7 тыс. т у дзень. У звычайныя «нафтастабільныя» часы загрузка аднаго беларускага НПЗ складала 24 тыс. тон у суткі.

Ён таксама паведаміў, што ААТ «Гродна-Азот» «цалкам загружаны для пастаўкі ўгнаенняў на ўнутраны рынак». Экспартныя пастаўкі будуць «ажыццяўляцца кропкава для адпрацоўкі лагістыкі і праходжання плацяжоў».

«Паўнавартасныя пастаўкі на знешнія рынкі, у тым ліку ў Расію, пачнуцца ў чэрвені», — сказаў Галоўчанка.