«Антыкрызісная ўрадавая праграма складаецца, падобна, у тым, каб вярнуць практыкі 90-х»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» вельмі ўсцешаны тым, што спаборніцтва Рагачоўскай і Глыбоцкай згушчонак працягваецца. А таксама высоўвае сваю версію, чаму беларускія ўлады адкрылі для выезду наземную мяжу. І гэтая версія мае права на існаванне.

Помнік «чалнакам» у Набярэжных Чалнах (Расія)

Помнік «чалнакам» у Набярэжных Чалнах (Расія)


Добрую вестку я прынёс табе сёння, дачка. Рагачоўская згушчонка не збанкрутавала. Гэта была ўсё-ткі ілжывая трывога. Гэта значыць, крышачку збанкрутавала, але не моцна. Дывідэнды акцыянерам пацярпелі, а згушчонка — не. Але з Глыбоцкай яны ж не дывідэндамі спаборнічаюць. Увогуле, дывідэндаў няма, а згушчонка ўсё роўна ёсць.

Ты ж памятаеш, што ў аўторак спраўдзілася спрадвечная мара, якую беларускія прэм'ер-міністры перадавалі адзін аднаму як эстафетную палачку? Расія пагадзілася прымаць плату за газ у расійскіх рублях. І ўрад Галоўчанкі з гэтай нагоды так узрадаваўся, што паабяцаў знізіць тарыфы для прадпрыемстваў. І было б, вядома, трошкі лагічна, калі б з той жа нагоды тарыфы ЖКГ таксама куды-небудзь знізіліся. Таму што, з аднаго боку, сацыяльная дзяржава, а з другога боку — перспектыва крызісу.

Але ты ж занадта даўно знаёмая з беларускім урадам, каб чакаць ад яго такіх глупстваў. Вось калі раптам чакала, то ўчора ўрад выступіў з адмысловым тлумачэннем, што насельніцтву ніякае зніжэнне тарыфаў не свеціць. Таму што крызіс, зноў жа, і сацыяльная дзяржава. А сэнс сацыяльнай дзяржавы ў тым і складаецца, каб у крызіс выціснуць з няўдзячнага насельніцтва лішнюю капейчыну на свае сацыяльна-дзяржаўныя патрэбы. Ну на самай справе, калі насельніцтву пакінуць гэтую капейчыну, то яно ж яе выдаткуе на якія-небудзь легкадумныя глупствы. Яшчэ пойдзе і долар купіць, падрываючы фінансавую стабільнасць.

Вунь за месяц беларускія ЗВР і так паваліліся амаль на 700 мільёнаў долараў. Нацбанк кажа, што ён проста перавёў частку сваёй валюты ў такія актывы, якія фармальна да міжнародных актываў не адносяцца. Гэта значыць, трэба разумець, памяняў варожыя долары і еўра на валюты сяброўскай арыентацыі. Але праблема ж у тым, што курс долара сяброўскай валютай не падтрымаеш. Так што, калі раптам што, то прыйдзецца падтрымліваць метадамі, альтэрнатыўнымі рынкавым.

Вось нельга сказаць, што беларускія ўлады нічога не робяць для мінімізацыі наступстваў крызісных з'яў. Светлагорскія ўлады, напрыклад, дзеля эканоміі рэсурсаў не будуць больш дасылаць жыроўкі на паперы. Некаторым крамам дазваляюць не выдаваць чэкі з-за дарагоўлі чэкавай стужкі. Абяцалі дэкрыміналізацыю асобных эканамічных злачынстваў. Зноў жа, беларускім грамадзянам дазволілі выязджаць за мяжу ў рамках арыгінальных падыходаў да праграм імпартазамяшчэння і падтрымкі айчыннага экспарту. Стварылі ўмовы, каб грамадзяне, значыць, як у старыя добрыя часы мянялі ў Польшчы айчынныя цыгарэты і дызель на фірмовыя джынсы.

Гэта значыць, антыкрызісная ўрадавая праграма складаецца падобна ў тым, каб вярнуць тэорыі і практыкі 90-х. З «чалнакамі» і зыбкімі правіламі рэгулявання эканамічнай жыццядзейнасці. Каб выратаванне грамадзян, якія тонуць у крызісе, было ўжо ўрэшце справай саміх тапельцаў у крызісе.

Але нельга двойчы ўвайсці ў адныя й тыя ж дзевяностыя. Ужо і Польшча не тая, каб радавацца беларускім турыстам з паласатымі торбамі, дый беларускія ўлады не адмовяцца ад звычкі цягнуць да сябе ўсё, да чаго могуць дацягнуцца.