Па выніках двух месяцаў ЗВР Беларусі скараціліся на 500 млн. долараў
Па выніках першых двух месяцаў 2014 года агульнае зніжэнне золатавалютных рэзерваў Беларусі склала прыкладна 500 млн. долараў. Аб гэтым сведчаць даныя Нацыянальнага банка.
Па выніках лютага золатавалютныя рэзервы Рэспублікі Беларусь у вызначэнні стандарту МВФ скараціліся на 80 млн. долараў ЗША і, паводле папярэдніх даных, на 1 сакавіка 2014 года склалі 6 млрд.
147,8 млн. долараў ЗША ў эквіваленце.
У студзені, нагадаем, золатавалютныя рэзервы скараціліся больш як на 420 млн. долараў.
У нацыянальным вызначэнні ў лютым аб'ём золатавалютных рэзерваў скараціўся на 81,9 млн. долараў ЗША і на 1 сакавіка 2014 года склаў 6 млрд. 724,5 млн. долараў ЗША ў эквіваленце.
Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі Нацыянальнага банка, на зніжэнне аб'ёму золатавалютных рэзерваў зрабіла ўплыў пагашэнне ўрадам і Нацбанкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай
валюце ў поўным аб'ёме.
Падтрыманню аб'ёму золатавалютных рэзерваў у лютым гэтага года галоўным чынам спрыяў рост цаны на золата на міжнародным рынку каштоўных металаў.
Нагадаем, згодна з указам прэзідэнта "Аб зацвярджэнні Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2013 год", золатавалютныя рэзервы ў мінулым годзе павінны былі вырасці на
300—700 млн. долараў, аднак па факце адбылося іх скарачэнне — на 1,4 млрд. долараў (з 8 млрд. 95 млн.).
21 студзеня гэтага года на сустрэчы з кіраўнікамі найбуйнейшых беларускіх СМІ Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі дастаткова золатавалютных рэзерваў, каб не дапусціць рэзкай
дэвальвацыі.
"Мы яшчэ найбліжэйшым часам атрымаем для падмацавання ЗВР каля 1,5 млрд. долараў ад Расійскай Федэрацыі, добрыя крэдыты... Ну і ў прэзідэнта ў загашніку ёсць. Калі вайна пачнецца, я ў панчосе
іх трымаць не буду, гэта я вобразна кажу. У крайнім выпадку, калі ў нас будуць залішнія золатавалютныя рэзервы, мы падтрымаем эканоміку. Страху ў гэтым ніякага няма, людзі атрымаюць дадатковую
зарплату", — сказаў Лукашэнка.
Аляксей Арэшка, БелаПАН