Пенсіянеры з 1 мая па 30 верасня атрымаюць 50%-ную зніжку на праезд у электрычках
Пенсіянеры з 1 мая па 30 верасня атрымаюць зніжку ў памеры 50% пры праездзе ў цягніках рэгіянальных ліній эканом-класа, паведамляе прэс-цэнтр Беларускай чыгункі.

«Кожны год у перыяд сезонных сельскагаспадарчых работ з 1 мая па 30 верасня грамадзяне, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, маюць права на зніжку 50% ад кошту праезду ў цягніках рэгіянальных ліній эканом-класа. Гэта прадугледжана ўказам прэзідэнта ад 29 красавіка 2011 г. N176 «Аб дзяржаўнай падтрымцы пенсіянераў», — праінфармавалі ў прэс-цэнтры.
Пад грамадзянамі, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, маюцца на ўвазе мужчыны 60 гадоў і старэй, а таксама жанчыны 55 гадоў і старэй.
«Не прадугледжана прадастаўленне гэтай ільготы пры праездзе ў электрацягніках рэгіянальных ліній бізнес-класа (з нумараванымі месцамі). Таксама зніжка 50% не прадастаўляецца пры праездзе ў цягніках гарадскіх ліній», — адзначылі ў прэс-цэнтры.
Для набыцця праязных дакументаў са зніжкай пасажырам неабходна будзе прад'яўляць арыгіналы пенсійных пасведчанняў.