Працаўнікі «шэрага рынку» ў Беларусі зарабляюць па 300 еўраў на месяц
Аналітыкі ацанілі, колькі зарабляюць беларусы, занятыя ў ценявой эканоміцы.
Фота з сайта www.racyja.com
У сярэднім атрымоўваецца па 294 еўраў на асобу. Пры гэтым такі працаўнік прысвячае сваёй ценявой дзейнасці 17 гадзінаў на тыдзень. Адпаведныя высновы змяшчае новая справаздача «Ценявая эканоміка Беларусі: прычыны, асаблівасці і выклікі» Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў (BISS).
Літоўцы, занятыя ў ценявой эканоміцы, зарабляюць менш — па 226 еўраў у месяц. Шведы — па 796 еўраў.
Суадносіны незарэгістраваных пакупак (тавары, якія прадаюць фактычна нелегальна) да ВУП у нашай краіне складаюць 4,9 %. Паводле вынікаў даследавання, часцей за ўсё грошы ў ценявой эканоміцы беларусы выдаткоўваюць на вопратку (46 %), прадукты харчавання (25 %), транспартныя паслугі (20 %).
Увогуле ценявая эканоміка ў Беларусі ацэньваецца ў $ 25–30 млрд — такія лічбы падчас прэзентацыі даследавання агучыў БелаПАН эканаміст Яраслаў Раманчук.
У даследаванні выкарыстоўваецца «вузкая» трактоўка тэрміна «ценявая эканоміка», якая ўключае рынкавую вытворчасць выключна законных тавараў і паслугаў, якія наўмысна хаваюцца ад дзяржаўных органаў.
Апытанне праводзілася даследчай кампаніяй «Sprinter Research» метадам «Computer Assisted Web Interview». Агульная выбарка склала 6035 рэспандэнтаў, выбарка па Беларусі — 1002 (18–75 гадоў, структураванне паводле полу, узросту і тыпу населеных пунктаў).