Стала вядома, які посуд улады хочуць забараніць у рэстаранах і кавярнях
Стала вядома, які пластыкавы посуд хочуць забараніць беларускія ўлады для выкарыстання ў кавярнях і рэстаранах, паведамляе «Еўрарадыё».
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) апублікавала праект пастановы "Аб вызначэнні пераліку аднаразовага пластыкавага посуду" на Нацыянальным прававым форуме.
Да 10 лютага 2020 года можна прыняць удзел у грамадскім абмеркаванні і выказаць свае заўвагі і прапановы.
Ужо з 1 студзеня 2021 года плануецца забараніць выкарыстоўваць у аб'ектах грамадскага харчавання наступныя віды посуду:
— кантэйнеры, скрынкі, латкі, ланч-боксы ды іншыя вырабы для захоўвання харчовых прадуктаў, цалкам або часткова вырабленыя з полівінілхларыду і полістыролу;
— палачкі для разбоўтвання, цалкам або часткова вырабленыя з полівінілхларыду і полістыролу;
— кубачкі і кубкі, цалкам або часткова вырабленыя з полівінілхларыду і полістыролу;
— талеркі, цалкам або часткова вырабленыя з полівінілхларыду і полістыролу.
euroradio.fm