Абаронцаў дзікай прыроды Беларусі абвесцяць 8 лютага ў Мінску

Званне Абаронцаў дзікай прыроды (Nature’s Heroes) надае глабальная прыродаахоўная асацыяцыя BirdLife International (BLI). Імёны беларускіх герояў-прыродаахоўнікаў стануць вядомыя 8 лютага падчас З’езду АПБ – нацыянальнага партнёра BLI у Беларусі.

unnamed__5__11.jpg


Кожны са 121 партнёра BLI можа намінаваць на званне максімальна тры кандыдатуры (індывідуальныя або калектыўныя). У кастрычніку 2019 года АПБ запрашала ўсіх прапанаваць свайго намінанта. Паступіла шэсць прапановаў, з якіх Цэнтральны савет АПБ адабраў тры ў якасці кандыдатур. Кандыдатуры з абгрунтаваннем былі дасланыя ў Кембрыдж, адкуль нядаўна прыйшла радасная навіна, што BirdLife International ушанавала ўсіх трох кандыдатаў.
Пры адборы ўлічвалася адпаведнасць пэўным крытэрам. Званне Абаронцаў дзікай прыроды надаюць за дасягненні ў ахове і маніторынгу дзікай прыроды, кіраванні ахоўнымі тэрыторыямі, народнай навуцы, далучэнні людзей да аховы прыроды і ў прапагандзе дзікай прыроды, а таксама за іншыя значныя ўнёскі. Супрацоўнікі АПБ не маюць права вылучацца на гэтае званне.
Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
«Мы вельмі радыя, што беларусы штогод знаходзяць сярод сяброў і знаёмых кандыдатаў на Абаронцаў дзікай прыроды. Але нашыя галоўныя спадзяванні ў тым, што беларусы будуць браць прыклад з лепшых і самі пачнуць станавіцца на абарону дзікай прыроды і далучаць да яе дзяцей. Дыпломаў хопіць усім!»
Дыпломы з Кембрыджа тром беларускім героям уручаць 8 лютага ў Мінску падчас З’езду АПБ.