Ствараць дзяржкарпарацыі ў Беларусі будуць з улікам досведу Кітая

Пры стварэнні ў Беларусі дзяржкарпарацый, у прыватнасці, на аснове "Белдзяржхарчпрама", улады плануюць выкарыстоўваць кітайскі досвед у гэтай сферы, паведамляе «Інтэрфакс-Захад».

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Пра намер выкарыстоўваць досвед Кітая заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Субоцін.
«За аснову мы бярэм дзяржкарпарацыі Кітая як адзін з паспяховых прыкладаў. Яны больш агрэсіўныя на ўсіх рынках. Маюць дзяржаўную частку і дзяржаўную падтрымку, але яны больш вольныя ў прыняцці рашэнняў, больш разняволеныя, могуць эканамічна неяк рызыкаваць, захопліваючы рынкі. Самае асноўнае — гэта цэнтралізацыя кіравання, каб яно было ў адных руках, не штурхаліся не толькі на знешніх, але і на ўнутраным рынку. І эканомілі нават у адзіных падыходах, адзінай службе маркетынгу і гэтак далей», — прыводзіць словы віцэ-прэм'ера «Інтэрфакс-Захад».
Канчатковыя падыходы пакуль не выпрацаваны, адзначыў ён. Да распрацоўкі канцэпцыі прыцягнутыя эксперты Акадэміі навук Беларусі.
«Нават праз Акадэмію навук мы пайшлі. Яны ў пачатку верасня заканчваюць сваю навукова-даследчую працу, і яны будуць абараняць яе, прапаноўваючы варыянты, як мы можам выбудаваць гэтую сістэму», — адзначыў Субоцін.
Пытанне ператварэння канцэрна «Белдзяржхарчпрам» у дзяржкарпарацыю, паводле слоў віцэ-прэм'ера, абмяркоўвалася на працягу доўгага перыяду.
«Часы мяняюцца, і трэба трансфармавацца і нам, каб быць больш паспяховымі і эфектыўнымі. Адна з магчымых дзяржкарпарацый — гэта на аснове "Белдзяржхарчпрама". Не факт, што гэта будзе нейкая адзіная карпарацыя па харчовай прамысловасці. Можа, гэта будзе кандытарская карпарацыя плюс алкагольная карпарацыя. Тут яшчэ навукоўцы ламаюць дзіды і менеджары вызначаюць, як лепш і больш эфектыўна выбудаваць ўсю сістэму», — сказаў ён.