Сурыкаў: расійскаму бізнэсу «трэба менш праз губу пляваць, а больш рабіць»
Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў лічыць, што беларускі бізнэс паварушыўся хутчэй за расійскі ў замене прадукцыі, якая патрапіла пад расійскія санкцыі. А таму расіянам «трэба менш праз губу пляваць, а больш рабіць».
Пра гэта Сурыкаў заявіў у інтэрв’ю агенцтву «Інтэрфакс-Захад» з нагоды Дня дыпламатычнага работніка, які адзначаецца ў Расіі 10-га лютага.
Адказваючы на пытанне, ці задаволены расійскі бок узаемадзеяннем з Беларуссю ў спыненні паставак з Заходняй Еўропы тавараў, якія падпадаюць пад контрсанкцыі Расіі, Сурыкаў зазначыў, што парушэнні і «шэры» бізнэс «былі, ёсць і будуць». «Нелегальныя схемы для рэалізацыі санкцыйных прадуктаў дзейнічаюць, але для іх спынення існуюць наглядныя службы, у тым ліку ў Расіі і Беларусі», — заявіў пасол.
«Парушэнні ў працы чыноўнікаў таксама былі, ёсць і будуць. Я маю на ўвазе рээкспарт з краін, на якія накладзеныя санкцыі, пад прыкрыццём фальшывых дакументаў. Але для спынення падобных дзеянняў ёсць праваахоўная сістэма. Гэта тычыцца і расійскіх кампаній — парушэнні ёсць з абодвух бакоў, і з гэтым трэба змагацца, не выносячы праблему ў палітычную плоскасць. Гэтае звычайнае жульніцтва, якое трэба спыняць», — лічыць ён.
Але пры гэтым Сурыкаў адзначыў, што «ёсць і іншае пытанне, якое звязана з нездаволенасцю з боку расійскага бізнэсу». «Напрыклад, Беларусь за мінулы год нарасціла аб'ём паставак садавіны ў Расію амаль на 500 тыс. іон у параўнанні з 2014 годам. У сваю чаргу, расійскія прадпрымальнікі завезлі садавіны на 450-500 тыс. тон менш. Гэта значыць беларускі бізнэс, убачыўшы расійскія санкцыі, якія распаўсюджваюцца на еўрапейскія краіны, а таксама на Аўстралію і Канаду, хутка зарыентаваўся і перазаключыў дамовы на пастаўку садавіны з Харватыі, Босніі, краін Паўночнай Афрыкі і нават з Балівіі, апынуўшыся больш прадпрымальным, і праз Беларусь садавіна паступіла на расійскі рынак», — патлумачыў Сурыкаў.
«Крыўды з боку расійскага бізнесу, якія яны напэўна выказваюць розным структурам улады, могуць быць, але тут няма ніякіх парушэнняў. Значыць, бізнесам трэба займацца больш актыўна, пры гэтым застаючыся ў вызначаных законам межах. Беларусі гэтая сітуацыя апынулася выгадная, расійскі ж бізнэс праявіў сябе менш гнуткім. Трэба менш праз губу пляваць, а больш рабіць», — зазначыў пасол.
Паводле Interfax.by