У Беларусі распачалі дзве крымінальныя справы за перавышэнне коштаў — у Лідзе і Бабруйску
Пра гэта ў эфіры дзяржаўных прапагандысцкіх тэлеканалаў распавялі прадстаўнікі Камітэта дзяржкантролю. У абодвух выпадках, паводле іх слоў, крамы завысілі цэны на тавары ў параўнанні з 6 кастрычніка.

— Падчас праверачных мерапрыемстваў КДК былі ўстаноўлены факты завышэння цэн у адной з крамаў Ліды ў параўнанні з цэнамі, якія былі па стане на 6 кастрычніка бягучага года, — у эфіры заявіў намеснік кіраўніка аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Юры Кардымон. — Так, у продажы знаходзіліся чатыры віды каўбасных вырабаў, па якіх была неабгрунтавана завышана цана. Розніца даходзіла да двух рублёў. Была не проста пераклейка цэннікаў. Была і фактычная рэалізацыя грамадзянам гэтых каўбасных вырабаў па завышаных цэнах.

Аб другой крымінальнай справе распавяла загадчыца сектара кантролю за цэнамі на спажывецкія тавары КДК Таццяна Самохіна. Яна адзначыла, што размова ідзе аб адным з бабруйскіх прадпрыемстваў па пастаўках агародніны. У КДК устанавілі, што са студзеня па жнівень яно пастаўляла тавар ва ўстановы адукацыі і аховы здароўя рэгіёна з аптовай нацэнкай па асобных пазіцыях да 600%.
— Па матэрыялах КДК устаноўлены факты перапродажу прыватнымі прадпрыемствамі айчыннай сельгаспрадукцыі арганізацыям бюджэтных сфер па завышаных цэнах. У дачыненні да дырэктара прадпрыемства сёння распачата крымінальная справа па ч. 2 арт. 426 Крымінальнага кодэкса («Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»). Дзяржаве нанесена шкода ў буйным памеры — больш за 10 тыс. беларускіх рублёў, — сказала Самохіна.
Нагадаем, 6 кастрычніка на нарадзе па эканамічных пытаннях Лукашэнка заявіў аб забароне на павышэнне любых коштаў у краіне.
Дзяржкантроль анансаваў маштабныя рэйды па крамах і жорсткую рэакцыю аж да крымінальных спраў. Да рэйдаў далучыліся не толькі прадстаўнікі КДК, але таксама прафсаюзы і дэпутаты.