«Учарашнія пагрозы радыкальнага і асіметрычнага эканамічнага адказу — з гісторыі пра аднавокага зяця»
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ва ўласцівай яму публіцыстычнай манеры разбірае спробы ўладаў даць адказ на санкцыі Літве і абзацам праходзіцца па развіцці атамнай энергетыкі.
Учора адбылася загрузка ядзернага паліва на другі блок Беларускай АЭС. Гэта значыць, вось ужо зусім хутка ў Беларускай АЭС будзе ў два разы больш падстаў, каб не працаваць. Таму што раней у яе адключаўся толькі адзін рэактар, а цяпер змогуць адключацца два. Захочуць — адначасова, а захочуць — па чарзе.
Нешта, я гляджу, беларускія ўлады вельмі нервова рэагуюць на падрыхтоўку Літвы да прыпынення санкцыйнага транзіту. Можна падумаць, радары зафіксавалі пярсцёнак Усеўладдзя на схілах Орадруіна. Не, сур'ёзна. Я даўно не памятаю такой канцэнтрацыі і такой разнастайнасці пагроз у адрас аднаго з «заходніх партнёраў» за такі кароткі час. І заўваж, што характэрна, пра альтэрнатыўныя расійскія парты, якімі беларускія ўлады збіраліся знішчыць літоўскую эканоміку, ніхто па-ранейшаму не ўспамінае.
Вось толькі за ўчора Літве прыгразілі, па-першае, спыненнем беларускага экспарту, а па-другое, спыненнем транзіту ўкраінскіх тавараў па беларускай тэрыторыі. А да гэтага было не вельмі выразнае, але вельмі суровае папярэджанне пра рызыкі «дэстабілізацыі ў рэгіёне», абяцанні неўраджаю, росту цэн і голаду. Нашэсцем жаб і саранчы беларускія ўлады не пагражаюць, як я разумею, толькі з-за неспрыяльных для гэтых прыродных з'яў і ўмоў надвор'я.
І ты ж разумееш, што ўчарашнія пагрозы радыкальнага і асіметрычнага эканамічнага адказу — з гісторыі пра аднавокага зяця? За мінулы год беларускі экспарт у Літву склаў 1,1 мільярда долараў, а за дзевяць месяцаў гэтага года — ужо 800 мільёнаў еўра. І забарона гэтага экспарту азначае, што да страт ад спынення калійнага транзіту дададуцца страты яшчэ на адзін мільярд.
Таму што ў Літву Беларусь экспартавала ў асноўным лес, нафтапрадукты, угнаенні і метал. І даволі складана сабе ўявіць, што для гэтых беларускіх тавараў хутка знойдзецца альтэрнатыўны рынак у сяброўскай Расіі. Ну, усё роўна, што пернікі ў Туле прадаваць. А шукаць для іх іншыя рынкі, страціўшы выхад да Балтыйскага мора, будзе трошкі цяжка. Тым больш, што выкананне пагрозы пра спыненне ўкраінскага транзіту можа стварыць некаторыя цяжкасці для доступу да партоў Чорнага мора.
Увогуле, беларускім уладам вельмі хочацца чым-небудзь напалохаць Літву, але не атрымліваецца прыдумаць, як зрабіць так, каб яна спалохалася. І яны спрабуюць розныя варыянты, спадзеючыся знайсці дзейсны варыянт сляпым эмпірычным метадам. А чым ты будзеш пагражаць, калі нават адключэннем расійскага газу яго ўладальнік пагражаць не дазваляе? Хоць бы таму, што ён і сам з гэтым выдатна спраўляецца.
А сваю па-сапраўднаму эфектыўную прыладу беларускія ўлады ўжыць не могуць. Таму што яна эфектыўная, калі трэба справіцца з пенсіянерамі, якія абараняюць дрэвы. А калі справа даходзіць да тонкіх геапалітычных налад, гэтая прылада з нейкай неспасцігальнай прычыны не працуе.