Увага! Тэрміновыя справы дэнамінацыі
Пачатак дэнамінацыі прыпадае не толькі на традыцыйнае народнае свята «вечар пятніцы», але і на выходныя 2–3 ліпеня. Што трэба тэрмінова зрабіць, каб пазбегнуць нязручнасцяў, і што не будзе працаваць у гэтыя дні?
Аплаціце тэлефоны
Мабільныя аператары просяць загадзя папоўніць рахункі на мабільных нумарах. Напрыклад, МТС папярэджвае, што па тэхнічных прычынах доступ да дадатку «Кашалёк» будзе прыпынены з 15:00 30 чэрвеня да 10:00 4 ліпеня, да сэрвісу «МТС Грошы» — з 23:00 29 чэрвеня да 14:00 1 ліпеня, а да сістэмы iPay — з 15:00 30 чэрвеня да 14:00 1 ліпеня.
На сайтах іншых аператараў аналагічнай інфармацыі знайсці не ўдалося, але расслабляцца не варта. Лепш заплаціць загадзя, чым раптам застацца без сувязі.
Памяняйце валюту!
30 чэрвеня (чацвер) у сувязі з дэнамінацыяй у банкаў — скарочаны працоўны дзень. Некаторыя з іх увогуле спынілі працу сваіх разлікова-касавых цэнтраў аж да панядзелка, 4-га ліпеня. І так будзе ў большасці банкаў краіны. Варта зазначыць, што большасць абменных пунктаў працуюць якраз у разлікова-касавых цэнтрах. Таму абмяняць валюту, каб годна адзначыць «вечар пятніцы», будзе складана.
Зараз самы час абмяняць валюту ці здзейсніць плацяжы, у якіх немагчыма абысціся без банкаў. Не спазніцеся!
Запасіцеся гатоўкай
Тэарэтычна, аплата па картках мусіць быць заблакаваная толькі з вечара 30 чэрвеня да 8 гадзінаў раніцы 1 ліпеня. Аднак ніхто не ведае, як гэта будзе адбывацца на самай справе. Таму большасць банкаў і гандляры ў крамах раяць запасціся гатоўкай — на выпадак якіх-небудзь нязручнасцяў і збояў у аплатнай сістэме. Памятайце пра знакаміты закон Мэрфі: «Калі непрыемнасць можа здарыцца, яна абавязкова здарыцца!»
Цікава, што гэтыя збоі могуць закрануць не толькі карткі ў беларускіх рублях, але і валютныя. Майце гэта на ўвазе. Лепш на тры дні ўвогуле адмовіцца ад картак.
Кідайце інтэрнэт — выходзьце ў рэал!
Мала заўважанай, але вельмі адметнай рысай дэнамінацыі будзе змяненне кода беларускай валюты з BYR на BYN. Для электронных плацяжоў гэта вельмі важная справа. Магчымыя праблемы з інтэрнэт-разлікамі, у тым ліку з так званымі «электроннымі гаманцамі». Таму ў бліжэйшыя дні, верагодна, давядзецца адмовіцца ад намеру, напрыклад, набыць квіткі на самалёт ці цягнік, альбо аплачваць паход у кіно праз сетку.
І добра, калі б справа абмежавалася толькі гэтым. Трэба быць гатовым да таго, што сістэма ЕРІП таксама пэўны час працаваць не будзе. Мажліва, будуць праблемы і з аплатай «замежных» пакупак праз інтэрнэт. Майце на ўвазе!
Міма пошты
Тэрмінова забярыце карэспандэнцыю, асабліва з плацяжамі! Як паведамляе «Белпошта», 1 ліпеня паслугі кліентам у аперацыйных вокнах аддзяленняў паштовай сувязі прадстаўляцца не будуць. У «Белпошце» таксама звярнулі ўвагу, што ў пунктах па прыёму і выдачы паштовых адпраўленняў будзе ажыццяўляцца выдача толькі паштовых адпраўленняў без накладзенага плацяжу і налічаных мытных пошлін. З 2 ліпеня праца аддзяленняў паштовай сувязі будзе арганізавана ў адпаведнасці з усталяваным рэжымам працы.
Між тым, «Белпошта» таксама прагназуе, што з 30 чэрвеня па 4 ліпеня магчымы збой у працы банкаўскіх плацежных карт. І рэкамендуе для разліку мець наяўныя грошы.
Заставайцеся ў Беларусі!
Некаторыя беларускія турфірмы з-за дэнамінацыі не будуць прадаваць пуцёўкі з 30 чэрвеня па 4 ліпеня. Прынамсі, у кампаніі «Знешынтурыст» папярэдзілі пра тое, што ўнясенне платы за іх туры будзе часова прыпынена з 13.00 30 чэрвеня да 10.00 4 ліпеня. Туркампанія «Музенідзіс Трэвел» таксама інфармуе, што з 30 чэрвеня па 3 ліпеня аплата заказаў па безнаяўным разліку будзе недасяжная.
Пры гэтым офісы туркампаній, якія часова прыпыняць продаж тураў з-за дэнамінацыі, будуць працаваць па звычайным працоўным графіку. Спецыялісты фірмаў змогуць пракансультаваць кліентаў, выбраць і папярэдне забраніраваць туры. Пры гэтым спецыялісты звярнулі ўвагу, што ўнесці суму звычайна дазваляецца на працягу 5 дзён з моманту пацвярджэння замовы, таму ў кліентаў не павінна ўзнікнуць ніякіх праблем са своечасовым разлікам.
Будзьце спакойныя
Памятайце, што ўсе складанасці — часовыя, а тое, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі. З панядзелка ўсё наладзіцца.