За 10 гадоў у Беларусі ліквідавана больш за 30 ільнозаводаў
Яшчэ ў 2013 годзе ў краіне налічвалася 43 ільнозаводы. Цяпер засталося 10, піша ej.by. Чаму дзяржава масава пускае «пад нож» прадпрыемствы — насуперак афіцыйным эканамічным уяўленням?
Судовая вытворчасць па апошнім збанкрутаваным ільнозаводзе адкрыта крыху больш за тыдзень таму. Мёрскі завод, які знаходзіцца ва ўласнасці
райвыканкама, пакінуў ні з чым 92 крэдытораў, даўгі прадпрыемства перавышаюць
кошт усёй яго маёмасці.
Аднак гэта не адзіны льнозавод, на якім нядаўна дзяржавай быў пастаўлены крыж. Так, у бізнес-плане развіцця льняной галіны ад
2013 года лічыліся 43 льнозаводы. Сёння на сайце Мінсельгасхарча пералічаныя
ўсяго 13 ільноперапрацоўчых прадпрыемстваў. Але трох з гэтага спісу ўжо не
існуе: яны значацца ў пераліку kartoteka.by як ліквідаваныя. Гэта Гарадоцкі,
Каханоўскі, Міёрскі заводы. Значыць, у жывых засталося толькі 10 ільнозаводаў.
Трошкі захапіліся…
Аказваецца, пазбавіцца большасці льнозаводаў было ў планах улад. У 2011 годзе было вырашана з 43-х пакінуць 30 заводаў і палову з іх мадэрнізаваць. Планавалася, што новыя бельгійскія лініі змогуць перапрацоўваць у разы больш сыравіны, а значыць, вялікая колькасць ільнозаводаў не спатрэбіцца.
Мадэрнізацыя дзесяці ільнозаводаў з устаноўкай імпартнага
абсталявання пачалася яшчэ ў 2012 годзе. Але як цяпер становіцца зразумела,
грошы былі выдаткаваныя марна. Некаторых з мадэрнізаваных прадпрыемстваў ужо не
існуе.
У якасці прыкладу можна прывесці ліквідаваны Кармянскі
завод. У яго мадэрнізацыю было ўкладзена каля 10 млн долараў. Новая лінія была
ўведзена амаль у тэрмін. Але імпартная машына адмаўлялася працаваць з
вільготнай сыравінай, а папярэдне высушваць лён у прадпрыемства не
атрымлівалася. У выніку ўжо ў 2013 годзе завод стаў глыбока стратным і пачаў
усё больш і больш пажыраць бюджэтныя сродкі. Ліквідаваны завод быў толькі ў
2020 годзе.
Як працуюць апошнія з магікан?
Новая хваля ліквідацый ільнозаводаў, магчыма, звязана з наведваннем Лукашэнкам Гродзенскай вобласці ў 2019 годзе. Ён тады адзначыў, што лён тут высейваюць на сямі тысячах гектараў, а перапрацоўваюць два льнозаводы. Пры гэтым Віцебскай вобласці заводаў значна больш, але пасяўных плошчаў менш.
«Навошта восем заводаў на 13 тысяч гектараў?» — спытаў
Лукашэнка, прывёўшы нечаканую для яго эканамічных уяўленняў думку. І, як
напісала яго прэс-служба, «даручыў разабрацца», а пры неабходнасці
скараціць іх колькасць — маецца на ўвазе, заводаў, а не чыноўнікаў.
Верагодна, эканамічныя ўлады, атрымаўшы дабро з самага «верху», вырашылі захаваць толькі тыя заводы, якія яшчэ маглі генераваць
нейкі прыбытак. Праверыць гэтую здагадку нам дапаможа справаздачнасць
прадпрыемстваў — якраз нядаўна былі апублікаваныя вынікі дзейнасці па выніках
2020 года.
Найлепшы паказчык чыстага прыбытку у Пружанскага льнозавода: 2 млн. рублёў (блізу 785 тыс. долараў).
Два з ільнозаводаў, якія агучылі справаздачнасць, працавалі ў 2020 годзе са стратамі: Лёзненскі і Арэхаўскі. А ў Крупскага завода чысты прыбытак склаў толькі 10 тыс. рублёў.
Практычна ўсе льнозаводы ў 2020 годзе спрацавалі горш, чым у
19-м. Так што, магчыма, «расстрэльны спіс» перапрацоўчых лён прадпрыемстваў будзе
папаўняцца.
Вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук назваў сітуацыю з беларускімі льнозаводамі і, у прыватнасці, з Мёрскім ільнозаводам, люстэркам усёй беларускай эканомікі — калі 5, 10, 15, 25 гадоў цягнуць стратныя прадпрыемствы, марнуюць на іх велізарныя сродкі, а потым усё роўна ліквідуюць. Сэнсу ў гэтым няма ніякага, але менавіта такая мадэль беларускай эканомікі працягвае эксплуатавацца ўладамі дагэтуль. Больш за тое, яна падаецца электарату як адзіна правільная, нібыта сацыяльная, хоць носіць ярка выражаны антысацыяльны і антынавуковы характар.