105 сутак мала? «Шэрага ката» выклікалі ў міліцыю і там далі позву на новы суд

Блогера Зміцера Казлова («Шэры кот»), які 21 студзеня выйшаў на волю пасля 25 сутак арышту, зноў выклікалі ў міліцыю. Начальнік міліцыі горада Барані Валчкоў папрасіў Казлова прыйсці для азнаямлення з пастановай суда, якая прыйшла з Мінску. «Шэры кот» мусіў пайсці ў міліцыю сёння, 24 студзеня, у 14 гадзін.

Блогер Зміцер Казлоў "Шэры кот"

Блогер Зміцер Казлоў "Шэры кот"

Верагодна, міліцыянт меў на ўвазе пастанову суда Маскоўскага раёна Мінска ад 26 снежня, згодна з якой блогер атрымаў яшчэ 15 сутак арышту. Пра такі вынік ён даведаўся толькі 23 студзеня.

Казлоў думаў, што з міліцыі яго адправяць у ізалятар далей адбываць суткі арыштаў, якіх у яго засталося 80. “Шэры кот” прыйшоў у міліцыю з усімі неабходнымі для “сутак” рэчамі. Але ў выніку яму далі позву на 27 студзеня ў Ленінскі суд Мінска, дзе будзе разглядацца яго апошняя адміністрацыйная справа — за ўдзел у акцыі 8 снежня. Такім чынам блогер застаецца на волі.

Нагадаем, што Зміцер Казлоў быў затрыманы ўвечары 25 студзеня. На наступны дзень у судзе Аршанскага раёна яго асудзілі за заклікі да ўдзелу ў акцыі 7 снежня і адправілі адбываць 15-суткавы арышт. Падчас знаходжання пад вартай яго асудзілі яшчэ пяць разоў, і на кожным судзе ён атрымліваў новыя 15 сутак. Увечары 21 студзеня блогер нечакана выйшаў на волю. Казлоў патлумачыў, што яго часова адпусцілі, паведаміўшы, што ў ізалятары нібыта будзе праводзіцца дэзінфекцыя. 

За што і калі судзілі “Шэрага ката”?

26 снежня, суд Аршанскага раёна — 15 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі 7 снежня.

26 снежня, суд Маскоўскага раёна Мінска (завочна) — 15 сутак за ўдзел у акцыі 7 снежня.

9 студзеня, суд Аршанскага раёна — 15 сутак за ўдзел у акцыі 21 снежня.

10 студзеня, суд Аршанскага раёна — 15 сутак за ўдзел у акцыі 20 снежня.

13 студзеня, суд Аршанскага раёна — 15 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі 29 снежня.

15 студзеня, суд Аршанскага раёна — 15 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі 21 снежня.

16 студзеня, суд Аршанскага раёна — 15 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі 20 снежня

27 студзеня ў судзе Ленінскага раёна Мінска мусіць адбыцца суд за ўдзел у акцыі 8 снежня.

Агулам блогер атрымаў 105 сутак арышту.

Беларуская праваабарончая супольнасць выступіла з заявай наконт адміністрацыйнага пераследу Зміцера Казлова. Праваабаронцы выказваюць пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту блогера і патрабуюць адмены ўсіх вынесеных у дачыненні да Змітра пастаноў. Яны нагадваюць, што ў выпадку працягу арышту блогер будзе лічыцца палітычным зняволеным, як і астатнія арыштаваныя ўдзельнікі мірных акцый.

Паводле spring96.org