130 гадоў таму нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі
Будучы прэм'ер-міністр БНР з'явіўся на свет 8 лістапада 1883 года.
Вацлаў Ластоўскі нарадзіўся ў маёнтку Калеснікі Дзісенскага павета (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці). «Мой бацька земляроб, дзед — каваль, а прадзед — пчаляр», — скажа ён пазней пра свой род.
Гарачым жаданнем сялянскага сына — будучага паплечніка братоў Луцкевічаў і Янкі
Купалы — было вучыцца, але ў краіне не працавалі ні беларускія школы, ні
ўніверсітэты — самой Беларусі тады не было, а толькі змрочны Паўночна-Заходні край. І
тады Вацлаў, за плячыма якога была толькі парафіяльная пачатковая школа, вырашаецца на адчайны крок: едзе ў Пецярбург і ўладкоўваецца на працу ў прыватнай студэнцкай бібліятэцы. Малады бібліятэкар
шмат чытае, а пасля працы ўпотай зазірае ў аўдыторыі ўніверсітэта «паўночнай сталіцы» імперыі, стаіць пад дзвярыма, прагна ўслухоўваючыся ў словы прафесараў, — вось яны, сапраўдныя сістэмныя веды, да якіх Вацлаў наблізіўся ўшчыльную.
Аднак паступіць вучыцца юнак не можа: няма дыплома, які дае права на гэта, і грошай таксама няма... Вацлаў вяртаецца дадому, але роспачы няма ў яго сэрцы: ён робіць стаўку на самаадукацыю. І
такім вялікім было яго жаданне вучыцца, такая моцная была яго воля, так шмат яркіх, самабытных талентаў утрымлівала яго душа, што пройдзе не так ужо шмат часу і Вацлаў даможацца свайго, стане
навукоўцам — self-made man. Больш за тое, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук БССР,
аўтарам шматлікіх навуковых прац! Гэта адбудзецца ў 1928 годзе — адбыцца жа самой
краіне дасць магчымасць у тым ліку і Ластоўскі, які не пакладаючы рук працаваў на карысць Беларусі, актыўна выступаючы як публіцыст, выдавец, грамадскі дзеяч. А таксама палітык: у 1919-1922 гадах
Ластоўскі ўзначальваў Кабінет Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.
О, Ластоўскі разумеў, наколькі важна правільна назваць сваю краіну! Бо «калі імёны няправільныя, то словы не маюць пад сабой падстаў. Калі словы не маюць пад сабой падстаў, то справы не
могуць ажыццяўляцца», — вучыць галоўная кніга канфуцыянства «Лунь
юй».
У Вацлава Ластоўскага было шмат паслядоўнікаў у справе «выпраўлення імёнаў» і ў іх ліку Максім Багдановіч. Так, калі ў чэрвені 1912 года Багдановіч упершыню прыехаў у Беларусь,
то два дні правёў у Вільні, у рэдакцыі газеты «Наша Ніва» — цэнтры
беларускага Адраджэння, куды на цягніку, на падводах і пешшу (!) амаль штодня прыбывалі чытачы з усяго Паўночна-Заходняга краю, каб выказаць сваю падзяку журналістам, пагутарыць з імі, задаць
галоўныя пытанні пра краіну.
Тут Багдановіч і пазнаёміўся асабіста з Вацлавам Ластоўскім, якога завочна ведаў як рэдактара сваіх вершаў і адказнага сакратара «Нашай Нівы». Дзве ночы напралёт яны
прагаварылі пра Беларусь. Будучы класік беларускай літаратуры ўважліва слухаў апавяданні Ластоўскага пра гісторыю беларусаў, іх культуру і мову, з захапленнем і трапятаннем разглядаў старыя кнігі і
зброю, слуцкія паясы і ювелірныя ўпрыгажэнні — усе гэтыя скарбы, якія збіраў адзін з
заснавальнікаў газеты, захоўвалася тут жа, у рэдакцыі.
«Гэта і ёсць фундамент нашага Адраджэння! — усклікаў
паэт. — Усе яны і праз тысячу гадоў будуць сведчыць пра нас!» Пры гэтым
21-гадовы Максім часцяком збіваўся і пераходзіў на рускую мову, але настойліва прасіў Ластоўскага папраўляць яго гаворку, удакладняў у яго беларускія словы і выразы, запісваў іх у нататнік. Ён
вучыўся хутка, роўна як і яго старэйшы таварыш. Неўзабаве Багдановіч з'едзе ў Яраслаўль, а ў наступным годзе Ластоўскі адрэдагуе кнігу яго вершаў, назваўшы яе
«Вянок», — сам паэт, атрымаўшы экзэмпляр зборніка, ухваліць выбар
Ластоўскага.
У дзень народзінаў Вацлава мы ўспамінаем пра яго пакутлівую смерць у засценку ГПУ г. Саратава і страшныя радкі апошняга тэксту беларуса, адрасаванага следчаму Карнееву:
Мы запомнім назаўсёды Ластоўскага маладым, моцным, разумным, дзейным, ён імкнуўся да дасканаласці — не дзеля асабістай славы, але на карысць Радзімы. І хай сёння не запатрабаваныя яго слоўнікі, падручнікі
па гісторыі, іншыя навуковыя працы, а таксама публіцыстычныя артыкулы, вершы і аповесць «Лабірынты», якая апярэдзіла раманы Караткевіча. Прыйдзе новае Адраджэнне, новая эпоха
«выпраўлення імёнаў» — яе нельга праспаць! — і духоўны подзвіг Ластоўскага разам з грамадзянскім будуць ацэненыя па вартасці і адлітыя ў камяні і
бронзе.
interfax.by