Аўтуховіч заклікае яднацца

Днямі праваабаронцы атрымалі ліст палітзняволенага Мікалая Аўтуховіча. Як паведаміў юрыст і праваабаронца Алег Волчак, хутка Аўтуховіча адправяць у Івацэвіцкую калонію. Але сёння Мікалая Аўтуховіча хвалюе не яго ўласная справа, а тое, што адбываецца ў краіне.

Днямі праваабаронцы атрымалі ліст палітзняволенага Мікалая Аўтуховіча. Як паведаміў юрыст і праваабаронца Алег Волчак, хутка Аўтуховіча адправяць у Івацэвіцкую калонію. Але сёння Мікалая Аўтуховіча хвалюе не яго ўласная справа, а тое, што адбываецца ў краіне.
«Наш народ хоча пераменаў, — лічыць Мікалай Аўтуховіч, — народ гатовы выбраць іншы, цывілізаваны шлях для развіцця Беларусі. Але для таго, каб людзі пайшлі за намі, патрэбна рэальная і разумная праграма пераменаў, якая была б зразумелая любому чалавеку. Трэба знайсці самы праніклівы пасыл да людзей, які мог бы іх прымусіць не баяцца і перамагаць. Калі апазіцыя гэта зможа, то пад сцягам пераменаў можна зрабіць рэальнае прасоўванне да дэмакратыі ўжо ў найбліжэйшым годзе. Я зараз у турме, але тут побач са мной знаходзяцца прадстаўнікі ўсіх слаёў насельніцтва, мы на самым дне гэтага ўбогага жыцця, і прасвет у маім жыцці і ў жыцці гэтых людзей залежыць толькі ад вас, мае дарагія суграмадзяне».
«Я бачу, што на падыходзе час іншых людзей, але без нашай сумеснай салідарнасці гэты час можа так і не наступіць, — гаворыцца ў лісце,— І таму звяртаюся да ўсіх палітыкаў — яднайцеся, стварайце агульную каманду са стойкіх, ідэйных і мужных людзей, здольных стаць элітай новай улады. Толькі ў гэтым гарантыя пераменаў».
Таксама Мікалай Аўтуховіч падзякаваў усім, хто ўвесь час яго падтрымліваў: журналістам, праваабаронцам, простым людзям.
Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі нібыта за незаконнае захоўванне патронаў. Вядомага актывіста спачатку спрабавалі абвінаваціць у тэрарызме, падрыхтоўцы замаху на кіраўніка Гродзенскай вобласці і многае іншае. Справа рассыпалася на вачах.