«Абараняй свае правы!» Па ўсёй Беларусі прайшла акцыя праваабаронцаў (фота)
Праваабаронцы «Вясны» днямі правялі традыцыйную інфармацыйную акцыю з раздачай газет. У гэты раз спецвыпуск быў падрыхтаваны сумесна з рэдакцыяй газеты «Новы Час». Спецыяльны выпуск пад назвай «Абараняй свае правы!» быў прысвечаны правядзенню мірных сходаў у Беларусі і абароне экалагічных правоў.

Праваабаронцы і валанцёры "Вясны" пры раздачы спецвыпуску ў Мінску
Спецвыпуск акцэнтаваўся на абароне правоў на чыстае і здаровае навакольнае асяроддзя ў Брэсце, Светлагорску, Магілёве і Наваполацку. Пра тое, як праходзіла акцыя, распавядае праваабарончы сайт spring96.org.
На вуліцах Мінску праваабаронцы і валанцёры "Вясны" Алесь Бяляцкі, Зміцер Салаўёў, Алена Лапцёнак, Юры Мяцельскі распаўсюджвалі спецвыпуск у пятніцу. Людзі ахвотна бралі газеты і цікавіліся тэмай абароны экалагічных правоў і мірных сходаў. Некаторыя людзі нават прасілі сфатаграфавацца з праваабаронцамі.

Алесь Бяляцкі пры раздачы "Новага Часу"

Алена Лапцёнак раздае спецвыпуск "Новага Часу"
У Магілёве праваабаронцы і валанцёры "Магілёўскай Вясны" Барыс Бухель, Алесь Буракоў, Зміцер Добры, акрамя раздачы на вуліцах, распаўсюджвалі газеты і па паштовых скрынях.

Праваабаронцы "Магілёўскай Вясны" Барыс Бухель і Алесь Буракоў
“Людзі адгукаліся і актыўна бралі ў праваабаронцаў "Новы Час". Некаторыя цікавіліся праблемамі экалогіі ў Магілёве. Для іх мы праводзілі невялікі лікбез па тых экалагічных праблемах, якія існуюць у горадзе. У прыватнасці, распавядалі пра патэнцыйную пагрозу ад прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў свабоднай эканамічнай зоне "Магілёў" на пляцоўцы нумар чатыры”, — каментуе акцыю магілёўскі праваабаронца Алесь Буракоў.

Алесь Буракоў і Зміцер Добры на вуліцах Магілёва з газетай "Новы Час"
У Светлагорску з раздачай спецвыпуска, прысвечанага абароне экалагічных правоў, былі складанасці з-за экалагічных праблемаў, як бы парадаксальна гэта не гучала. Як распавядае праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова, у нядзелю ўвесь горад накрыла смуродам ад завода беленай цэлюлозы, таму на плошчы стаяць было немагчыма. Негледзячы на гэтыя акалічнасці, праваабаронцы ўсё ж такі зладзілі інфармацыйную акцыю ў Светлагорску.

Светлагорскія праваабаронцы і экаактывісты
“Людзі нават прапаноўвалі нам дапамогу”, — адзначае Алена Маслюкова.

Светлагорскія праваабаронцы і экаактывісты
Інфармацыйная акцыя ў Берасце супала са святам, прысвечанаму 1000-годдзю горада. Праваабаронца "Вясны" Уладзімір Вялічкін адзначыў, што людзі з вялікай ахвотай бралі спецвыпуск і размаўлялі пра "набалелае".

Праваабаронца "Вясны" Уладзімір Вялічкін раздае спецвыпуск

Берасцейцы чытаюць пра экалагічныя праблемы свайго горада
Да агульнай акцыі далучыліся таксама гарадзенцы. Праваабаронцы “Вясны” Андрэй Коця і Віктар Сазонаў, а таксама праваабаронца БХК Раман Юргель раздалі на вуліцах горада 1000 экзэмпляраў спецвыпуску газеты.

Праваабаронцы Віктар Сазонаў і Раман Юргель раздаюць спецвыпуск газеты "Новы Час"
“Гарадзенцы з задавальненнем бралі газеты. Праваабаронцы ледзь паспявалі даставаць з торбаў новыя партыі. Людзі ўступалі ў размовы і цікавіліся рознымі пытаннямі. Стараліся зразумець, што адбываецца ў краіне”, — распавядаюць на сваім сайце гарадзенскія праваабаронцы.

Праваабаронцы Раман Юргель і Андрэй Коця раздаюць спецвыпуск газеты "Новы Час"
Інфармацыйная акцыя прайшла і ў Смаргоні. Яе правёў праваабаронца "Вясны" Алесь Дзергачоў, які распаўсюдзіў на вуліцах раённага гарадка каля 350 асобнікаў газеты. Спецвыпуск “Абараняй свае правы!” быў распаўсюджаны і на фестывалі бардаўскай песні «Бітва пад Оршай». Раздачу арганізаваў праваабаронца "Вясны" Ігар Казмерчак.

Праваабаронца "Вясны" Ігар Казмерчак на фестывале "Бітва пад Воршай"
Рэдакцыя газеты “Новы Час” нагадвае, што спецвыпуск можна набыць у шапіках "Белсаюздруку".