Абсурд і рэпрэсіі: тыдзень як год
Навіны апошняга тыдня сталі квінтэсенцыяй таго, што адбывалася з намі ўвесь год. І на іх прыкладзе можна падвесці нават вынікі года. Вельмі красамоўныя прыклады таго, чым і як жыла Беларусь увесь мінулы перыяд.
Лукашэнка на тыдні не толькі лётаў да Пуціна, але і сустрэўся з мэрам Масквы Сяргеем Сабяніным. На гэтай сустрэчы Лукашэнка прапанаваў расійскаму кіраўніку дапамогу ў вытворчасці «Масквічоў», а потым сабраў нараду па развіцці машынабудавання. І на гэтай нарадзе ён сказаў, што «хацеў бы разумець планы вытворчасці і збыту беларускіх аўтамабіляў». Ён адзначыў, што ёсць дамоўленасць з Расіяй пра сінхранізацыю стасункаў у сферы аўтамабілебудавання, папрасіў выразна прытрымлівацца дамоўленасцяў з РФ і заявіў, што «ў Расіі таксама часы няпростыя. Утылізацыйны збор — мы таксама дамовіліся. Як гэта рэалізуецца на сённяшні дзень і ці ёсць нейкія праблемы ў нас з Расійскай Федэрацыяй?»
Але што характэрна: у Беларусі няма вытворчасці легкавых аўтамабіляў. У нас ёсць зборка кітайскіх Geely, у якіх мала беларускага, дый тыя не задавальняюць попыт. МАЗ — не проста выпаў з пяцёркі лідараў па долі рынку ў Расіі, ён апусціўся на восьмае месца. Яго абышоў Кітайскі Dongfeng. У топе лідараў ужо чатыры кітайскія брэнды: SITRAK, Shacman, Dongfeng і FAW.
Гэта значыць, у нас практычна няма тых самых «вытворчасці і збыту». Не кажучы ўжо пра тое, як ярка сёлета працягвалі гарэць аўтобусы МАЗ у розных рэгіёнах Расіі. Лукашэнка праводзіць нараду па тым, што ў нас, верагодна, ужо скончылася. Сюррэалізм? Але ў нас сюррэалізм увесь час.
Перадсвяточныя дні не сталі выходнымі для сілавікоў. Як пішуць праваабаронцы, на гэтым тыдні прайшлі два цікавыя працэсы. У Бярозе за пратэсты 2020 года судзілі чатырох чалавек. Гэта чацвёртая група людзей, якіх судзяць за пратэсты ў Бярозе. Цікава тое, што сярод абвінавачаных быў Дзяніс Дземасюк. Дзяніс — намеснік дырэктара па ідэалогіі ТАА «Белінвестгандаль-сплаў».
А ў Воршы паводле адміністрацыйнага артыкулу пра «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» судзілі Юрыя Анэстраткіна — дэпутата Бараньскага гарадскога Савету дэпутатаў.
Зразумела, што калі сканчаюцца «правільныя» «змагары», сістэма знаходзіць ахвяр сярод «сваіх». Таму што прэміі да Новага года і зорачкі на пагоны самі па сабе не ўпадуць. І акрамя таго, «красаўцам» таксама патрэбныя паказчыкі па раскрывальнасці. А «раскрыць» «палітычную» справу — гэта прасцей і лягчэй, чым рэальныя злачынствы.
Вось і даводзіцца шукаць «экстрэмістаў» сярод, здавалася б, сваіх паплечнікаў і іншых «ябацек». Мы пра гэта папярэджвалі сто разоў, бо такая логіка дыктатуры. Напрыканцы 1930-х «японскімі шпіёнамі» таксама былі тыя, хто напачатку тых гадоў выкрываў «нямецкіх шпіёнаў».
І гэтая тэндэнцыя пошуку ворагаў сярод сваіх будзе ўзмацняцца не толькі таму, што сілавікі патрэбныя прэміі і званні. І не толькі таму, што сапраўдных «ворагаў народа» ў краіне застаецца ўсё менш і менш. Сілавікі, сярод іншага, павінны даводзіць кіраўніцтву сваю патрэбнасць. Успомнім, што ГУБАЗіК ператварыўся ў палітычную паліцыю ў 2020-м таму, што быў на мяжы расфармавання. Проста не патрэбна была такая структура за адсутнасцю ў Беларусі арганізаванай злачыннасці.
Таму і трэба паказваць, што «ворагаў народа» ў краіне ўсё больш і больш. Што «красаўцы» патрэбныя». Бо нікому з сілавікоў не хочацца апынуцца ў Зябраўцы.
Жыхары Гомельскай вобласці заўважылі, што там, побач з расійскай базай, з боку трасы М10 з'явілася лінія акопаў. «Размяшчэнне ўмацаванняў можа паказваць на ўзмацненне вайсковага аб'екта да гіпатэтычных вайсковых дзеянняў з паўднёва-ўсходняга боку старога аэрадрома, які выкарыстоўваецца расійскімі войскамі», — піша «Флагшток».
А паколькі расійскіх войскаў у Беларусі ў «таварных колькасцях» няма, і «вагнераўцы» таксама кудысьці пераехалі, то цалкам відавочна, што ў выпадку эскалацыі гэтыя акопы будуць запаўняцца беларусамі. І, хутчэй за ўсё, так, «красаўцамі». Бо «красаўцы», у адрозненне, напрыклад, ад войска, будуць стаяць у акопах да канца.
Іншыя адтуль проста збягуць. Зрэшты, і наконт стойкасці «красаўцаў» я вельмі сумняваюся, але гэтым хаця б няма куды бегчы.
Дарэчы, на тыдні ЗША заклікалі сваіх грамадзян тэрмінова пакінуць тэрыторыю Беларусі. Дзярждэпартамэнт патлумачыў гэта заклік «адвольным ужываннем беларускімі ўладамі мясцовых законаў, рызыкай затрымання», што лагічна перад прэзідэнцкай кампаніяй. Ясна ж, што менавіта ў гэты перыяд узмоцніцца пошук «амерыканскіх шпіёнаў».
Але на гэты конт нечакана выказалася Расія. Марыя Захарава, прэс-сакратар расійскага МЗС, заявіла, што сваёй заявай Штаты правакуюць і дэстабілізуюць сітуацыю ў Беларусі. А Расія, вядома ж, «акажа свайму саюзніку ўсё неабходнае садзейнічанне ў ліквідацыі як унутраных, так і знешніх пагроз. Спробы рэалізацыі любых агрэсіўных сцэнарыяў у дачыненні да Мінска атрымаюць самыя згубныя наступствы як для выканаўцаў, так і для арганізатараў».
Асабліва цікава, што суседняя (дэ-юрэ) дзяржава збіраецца «аказваць садзейнічанне ў ліквідацыі» менавіта «ўнутраных» нібыта пагроз. Гэта значыць, ужо распараджаецца ўнутраным парадкам дня ў Беларусі.
І крыху пра эканоміку. Міністэрства фінансаў Беларусі абвясціла новую спробу разлічыцца па еўрааблігацыях беларускімі рублямі. Але і насей раз грошай трымальнікам беларускіх еўрабондаў не відаць. Мінфін заявіў аб дэбютным замяшчэнні еўрааблігацый Беларусі з пагашэннем 29 чэрвеня 2027 года (Беларусь-2027) на дзяржаўныя аблігацыі Рэспублікі Беларусь выпуску №331 праз расійскі Нацыянальны разліковы дэпазітарый.
Намінальны кошт адной аблігацыі-1000 долараў. Памер стаўкі працэнтнага даходу, тэрміны яго выплаты і пагашэння аблігацый адпавядаюць стаўцы і тэрмінах па еўрааблігацыях Беларусь-2027. Разлікі па аблігацыях выпуску №331 будуць праводзіцца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка, устаноўленым за тры працоўныя дні да даты пагашэння аблігацый і (або) выплаты працэнтнага даходу.
Але мала таго, што кошт аблігацый паказаны ў доларах, а разліках па іх — у беларускіх рублях. Так да будучых уладальнікам аблігацый прад'яўляюцца і цікавыя патрабаванні. І не толькі раскрыць поўную інфармацыю аб уладальніку: ад месца жыхарства да адмовы ад прэтэнзій да эмітэнта. Цяпер самі ўладальнікі аблігацый абавязаныя нейкім чынам «інфармаваць замежныя разлікова-клірынгавыя сістэмы аб выкананні Беларуссю абавязацельстваў па еўрааблігацыях».
Уладальнікі аблігацый! Пішыце лісты ў Міжнародны валютны фонд!