Афіцэрам, якіх Лукашэнка пазбавіў званняў, пералічваюць пенсіі. Яны збіраюцца ў суд
Падпалкоўнікі КДБ у адстаўцы Валерый Костка і Сяргей Аніська спрабуюць праз суд аспрэчыць указ Аляксандра Лукашэнкі аб пазбаўленні іх званняў.
Указ быў апублікаваны ў маі, а ў верасні ваенным пенсіянерам паведамілі, што ў іх скарачаецца пенсія.
«Сказалі, што прыблізна на 150 рублёў пенсія паменшыцца
— цалкам прыбяруць надбаўку, якая тычылася звання», — распавёў у
інтэрвью «Народнай волі» Валерый Костка. Ён выйшаў у адстаўку ў 1993
годзе, падтрымаў нацыянальныя сілы. Цяпер жыве ў Смалявічах і займаецца
пчалярствам.
Костка таксама сказалі, што ён павінен вярнуць частку грошай
— тую самую надбаўку за некалькі месяцаў, якую яму налічвалі ўжо пасля прыняцця
ўказа. Сумарна ён вінен дзяржаве каля 500 рублёў.
Такая ж размова з супрацоўніцай пенсійнага аддзела КДБ
адбылася ў верасні і ў Сяргея Аніські. Жанчына паспрабавала супакоіць
пенсіянера: «Вы не хвалюйцеся, ваша пенсія будзе складаць 1091 рубель з 1
кастрычніка». Але Аніська так і не зразумеў, чаму ён павінен губляць
грошы. Вялікая надбаўка — гэта ў тым ліку «афганскія» грошы.
«Я ад спадара Лукашэнкі не атрымаў ніводнага звання.
Усе званні да маёра атрымаў у Савецкім Саюзе, падпалкоўніка мне прысвоіў былы
старшыня КДБ Уладзімір Мацкевіч. Пенсіянерам я стаў тады, калі Лукашэнка толькі
прыйшоў да ўлады. Але ўсіх маіх сведчаннях аб медалях няма подпісу Лукашэнкі.
Тады пытанне: якое ён мае права пазбаўляць мяне звання», — кажа Сяргей
Аніська.
Ён мае намер ісці ў суд. Кажа, што гэта пытанне не грошай, а
прынцыпу. Костка ўжо двойчы быў у судзе. Як толькі выйшаў указ, напісаў скаргу
ў раённы, але там яму адмовілі з фармулёўкай «у скарзе ўтрымліваюцца
некарэктныя фразы і выразы».
«Але я не разумею, што там некарэктнага. Я звярнуўся да
іх з просьбай прызнаць Лукашэнку нелегітымным кіраўніком дзяржавы, а яго ўказ — нікчэмным. Між іншым яны не напісалі, што Лукашэнка — легітымны прэзідэнт»,
— заўважыў пенсіянер.
Ён звяртаўся і ў гарсуд. Вынік быў той жа. Цяпер Валерый
Костка чакае адказ з Вярхоўнага суда.
Валерый Костка летась удзельнічаў у пратэстах у Смалявічах — атрымаў папярэджанне. Распавядаў, як цэлы дзень працаваў на пчальніку, а потым вечарам бег на акцыю. А раней яшчэ ў канцы 90-х Костка ўваходзіў у склад грамадскай камісіі, якая займалася расследаваннем знікнення экс-кіраўніка МУС Юрыя Захаранкі.
Паводле «Еўрарадыё».