Акцыя супраць «наркаграфіці» прайшла адразу ў некалькіх гарадах

Ініцыятыва зафарбоўваць «наркаграфіці» — надпісы з кантактамі наркадылераў — ахапіла Віцебск, Воршу і Магілёў.



2019_04_01_lipka_narkahrafitsi_f6_833x400.jpg

У мінулыя выходныя на віцебскія вуліцы выйшлі прадстаўніцы Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і руху “Маці 328”, які аб’ядноўвае жанчын, чые дзеці былі асуджаны да вялікіх тэрмінаў зняволення паводле крымінальнага артыкула №328 “Незаконны абарот наркатычных рэчываў”.

Бацькі асуджаных паводле гэтага артыкула ўтварылі ў Віцебску суполку “Стоп-328” якая каардынуе акцыі па зафарбоўцы “наркаграфіці”. У абласным цэнтры і ў Воршы акцыя “Замест тысячы слоў” стартавала практычна адначасова, удзельнікі кантактавалі адно з адным праз тэлефон.

Каардынатарка Наталля Шарыпа паведаміла, што на запыт валанцёраў нарэшце адгукнуліся і камунальныя службы:

– Камунальнікі нам даслалі афіцыйны адказ, яны рады, што мы праявілі такую грамадскую актыўнасць. І сказалі, што гатовыя нам дапамагчы: даць і фарбу, і клей, і любы інвентар, які нам патрабуецца. Але сёння мы яшчэ не паспелі гэта зрабіць — не паспелі, бо і свая фарба яшчэ ёсць, і пакуль не было магчымасці.

Удзельніца акцыі Вікторыя Пёрышкіна лічыць, што змагацца супраць “наркаграфіці” мусіць кожны мясцовы жыхар, калі заўважыў такі надпіс:

– Хацелася б, канешне, каб жыхары нашага гораду задумаліся пра тое, што нашы дзеці знаходзяцца пад пагрозай. Практычна кожны дом размаляваны, і на гэтых сайтах прапануюць і падпрацоўку, і ўжыванне, у неабмежаванай колькасці. Шкада, што нашы людзі не звяртаюць на гэта ўвагу. Маглі б і самі спусціцца ды зафарбаваць надпісы, без дапамогі арганізацый, якія крычаць “SOS”. Людзі самі павінны звярнуць на гэта ўвагу, самі крычаць: “Дапамажыце!” Бо наркаманія ў нас распаўсюджваецца проста з шалёнай хуткасцю.

Валанцёры не толькі зафарбоўвалі надпісы на дамах, але і распаўсюджвалі ўлёткі пра небяспеку быць уцягнутым у наркабізнес праз інтэрнэт ды крымінальную адказнасць за гэта.
www.racyja.com