Актывіста арыштавалі на 7 дзён за заклік спыніць Пуціна
Актывіст «Альтэрнатывы» Аляксей Шубара асуджаны да сямі дзён адміністрацыйнага арышту.
Суд Цэнтральнага раёна Мінска 15 снежня прызнаў актывіста грамадскага аб'яднання «Альтэрнатыва» Аляксея Шубару вінаватым паводле арт.23.34 КаАП (парушэнне парадку
арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і асудзіў яго да сямі дзён адміністрацыйнага арышту. Пра гэта БелаПАН паведаміла прэс-сакратарка «Альтэрнатывы» Вольга
Бурневіч.
Нагадаем, удзень 12 снежня Шубара вырашыў правесці адзіночны пікет супраць палітыкі расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна каля выхаду са станцыі метро «Купалаўская». Актывіст
трымаў у руках плакат з надпісам «Людзі, трэба тэрмінова спыніць Пуціна! Не дапусцім III сусветнай вайны!». На плячах у яго быў бел-чырвона-белы сцяг.
Сваёй акцыяй актывіст хацеў выказацца супраць палітыкі Крамля ў частцы правакавання, як ён мяркуе, вайсковага канфлікту ва Украіне.
Праз 10 хвілін пасля пачатку пікета да актывіста пад'ехаў мікрааўтобус, з якога выйшлі супрацоўнікі міліцэйскага спецназа. Апазіцыянера затрымалі і павезлі ў Цэнтральнае РУУС
Менска.
За дзень да гэтага інцыдэнту супрацоўнікі міліцыі мелі намер накіраваць у сталічны Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў лідара «Альтэрнатывы» Алега Корбана, аднак там не было
свабодных месцаў. Яшчэ ў жніўні гэтага года суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў Корбана на 10 дзён адміністрацыйнага арышту паводле арт.17.1 КаАП (дробнае хуліганства), аднак адбываць пакаранне
апазіцыйнага актывіста так і не накіравалі.
БелаПАН