Актывістаў будуць судзіць за «малітву ў недазволеным месцы»
Актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў і Яўген Афнагель атрымалі міліцэйскія пратаколы, паводле якіх яны абвінавачваюцца ў тым, што маліліся без дазволу Мінгарвыканкама.
![Леанід Кулакоў падчас малебну 7 красавіка. Фота Алены Ляшкевіч Леанід Кулакоў падчас малебну 7 красавіка. Фота Алены Ляшкевіч](/img/v1/images/56323755_377185153007815_996097826129707008_n_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Леанід Кулакоў падчас малебну 7 красавіка. Фота Алены Ляшкевіч
Як паведаміў «Новаму Часу» Леанід Кулакоў, ён атрымаў не толькі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, але і СМС-паведамленне з суда Цэнтральнага раёна Мінска. Актывіста будуць судзіць па артыкуле 23.34 — парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.
«Паводле пратаколу я маліўся на плошчы Свабоды каля храма ў групе грамадзян у неўстаноўленым месцы і пры гэтым трымаў бел-чырвона-белы сцяг», — распавёў актывіст.
Пратакол на яго быў складзены за ўдзел у малебне ля Свята-Духава кафедральнага сабора 7 красавіка, на які пасля першага крыжалому ў Курапатах заклікаў прыйсці палітык Мікалай Статкевіч.
Па словах Леаніда Кулакова, такі ж пратакол атрымаў Яўген Афнагель.
Леаніда Кулакова будуць судзіць у Цэнтральным судзе Мінска 24 красавіка ў 9.40.
«Атрымліваецца, на вуліцы маліцца нельга — толькі ў храме. Тады трэба прыцягваць да адказнасці ўсіх вернікаў, якія моляцца без адпаведнага дазволу», — іранізуе актывіст.