Брэст: Актывістаў судзяць у РАУС

Затрыманых днямі актывістаў, што выступалі  супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце, пачалі судзіць

Будынак РАУС Ленінскага раёна Брэста. Фота ПЦ "Вясна"

Будынак РАУС Ленінскага раёна Брэста. Фота ПЦ "Вясна"

Як стала вядома ПЦ «Вясна», затрыманых у апошнія дні актывістаў-праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце будуць судзіць у Ленінскім РАУСе.

Справы будзе разглядаць суддзя Аляксандр Семянюк, які да гэтага пачаў разглядаць справу брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна.

Затрыманыя ў пятніцу: Дзяніс Малышэнка, Зміцер Андрасюк, Дзям'ян Лепясевіч, Уладзімер Казлоўскі, Сяргей Свірскі, Алег Ярмоленка, Уладзімір Вялічкін, Уладзіслаў Абрамовіч, Кацярына Басаргіна, Алег Вялаў.

Затрыманыя ў нядзелю: Аляксандр Кабанаў, Дзмітрый Бекалюк, Алесь Абляк, Ягор Кандрацюк, Таццяна Фесікава, Віталь Казак, Віктар Сэндэр, Мікалай Трацюк.

Аляксандра Кабанава і Зміцера Андрасюка адпусцілі праз тры гадзіны пасля затрымання.

З РАУС выйшла Таццяна Фесікава, у дачыненні да яе складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні па арт. 23.34 КаАП за 31 сакавіка. Жанчыну вінавацяць у тым, што яна раздавала жоўтыя шарыкі з пратэстным заклікам.

«Брэсцкая міліцыя лічыць слова «жыць» лагатып пратэстнага руху супраць будаўніцтва завода», — адзначыла Таццяна Фесікава.

Разгляд справы перанесены на 10 гадзін раніцы 25 красавіка па хадайніцтву аб удзелу абаронцы на працэсе.

«Парасюк (нейкі міліцыянт) выйшаў і сказаў, каму павыпісваць павесткі», — распавяла жанчына.

Каля РАУС сабралася невялікая група падтрымкі.

 

padtrymka_3.jpg

Стала вядома, што ўчорашнія затрыманні праводзіў міліцыянер Мікалай Самасюк.

З РАУСа выйшаў праваабаронца Уладзімір Малей. Ён чакаў у фае, спрабаваў патрапіць на разгляды спраў. Але туды нікога не пускаюць.

Супрацоўнікі РАУС паведамілі, што ім паступіў загад не пускаць нікога, прадстаўнікам СМІ прапанавалі звярнуцца ў прэс-службу УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Выйшаў яшчэ адзін затрыманы Алег Вялаў. Кажа, што ўсім вінавацяць у адным і тым жа. Яму таксама выдалі павестку на 25 красавіка.

«У адвакаце мне адмовілі. Правы не тлумачылі. Міліцыянт крычаў на мяне», — распавёў мужчына.

Наступным выйшаў Дзям'ян Лепясевіч:

«Яны робяць беззаконне. Вывелі з камеры ў актавую залу. Устаў Семянчук і сказаў, што судовы працэс пачынаецца. Я падпісваў адзін пратакол, а ўручылі мне іншы... З тым, што інкрымінуюць, я не згодны.

Гэта сітуацыя падобная з Асвенцыма. Нас гэтак жа сабралі ўсіх у пятніцу. Выклікалі па адным і чалавек больш не вяртаўся. Мы прасілі, каб хаця б жанчын адпусцілі, але нам было адмоўлена. Самасюк пры гэтым ўсміхаўся.

Лічу, што да мяне былі ўжытыя катаванні».

Зноў у суд Дзям'яна Лепясевіча выклікаюць 18 красавіка.

Выйшаў праваабаронца «Вясны» Уладзімір Вялічкін. Ён кажа, што Алесю Абляку стала дрэнна цяпер, але хуткую яму міліцыянеры не выклікаюць. Ён мае інваліднасць.

 

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін

Суд над Уладзімірам Вялічкіным адбудзецца 18 красавіка ў 10.35.

 

vialichkin_pozva.jpg

Наступнымі адпусцілі Дзяніса Малышэнка і Уладзіміра Казлоўскага. Казлоўскаму таксама далі позву аб пераносе разгляда справы на 18 красавіка. Ён кажа, што нават за кратамі ім удалося пакарміць галубоў — прылетаў на вакно.

 

Дзяніс Малышэнка

Дзяніс Малышэнка

Уладзімір Казлоўскі распавядае, што суддзя аб'яўляе «пачынаецца адкрытае судовае разбіральніцтва», аднак на працэс па-ранейшаму нікога не дапускаюць.

vialichkin_piatruhin.jpg

Нагадаем, кожную нядзелю больш за год на плошчы Леніна ў Брэсце збіраюцца людзі на ўжо традыцыйнае «кармленне галубоў» — акцыю ў знак пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

spring96.org