Актывістка просіць пракурора Мінска разабрацца з пракуратурай раённай

Актывістка Анастасія Гусева са скаргай звярнулася да пракурора горада Мінска С. Хмарука, каб той прыняў меры па яе незаконнаму затрыманню за чысты ліст паперы ў лютым гэтага года. І адрэагаваў на "адпіску" пракурора Заводскага раёна Мінска.

guseva_1.jpg

Што за сітуацыя?

У лютым гэтага года Анастасія Гусева разам з Дзмітрыем Паліенкам, які цяпер знаходзіцца ў мінскім СІЗА-1 па падазрэнні ў здзяйсненні шэрагу злачынстваў, сфатаграфаваліся з белым лістом паперы на фоне будынка Заводскага РУУС г. Мінска.

 

Зміцер Паліенка і Наста Гусева

Зміцер Паліенка і Наста Гусева


Паліенка, дамаляваўшы ў фоташопе два надпісы на лістах, размясціў гэтую фатаграфію ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте».

Пасля гэтага актывістаў выклікаў участковы. Калі Анастасія Гусева з'явілася да яго, то яе адразу затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання ГУУС Мінгарвыканкама да суду.

Праз двое сутак, суд Заводскага раёна Мінска, разгледзеўшы адміністрацыйную справу па ч.3 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) у дачыненні да актывістаў, вярнуў справу на дапрацоўку ў Заводскае РУУС.

Анастасія Гусева абскардзіла незаконнае затрыманне і ўтрыманне яе ў ІЧУ ў пракуратуры Заводскага раёна Мінска. Але пракурор А. Млявы, нягледзячы на ​​тое, што суд вярнуў справу на дапрацоўку, адказаў, што Гусева сапраўды парушыла парадак правядзення пікетавання.

Праз месяц суд спыніў справу ў дачыненні да актывістаў у сувязі з недаказанасцю віны. Цяпер Анастасія Гусева мае права звярнуцца ў суд па кампенсацыю з-за незаконнасці дзеянняў органаў унутраных спраў.

 

Што думаюць пра гэта праваабаронцы?

Юрыст "Вясны" Аляксей Лойка, які дапамагаў Гусевай складаць скаргу, адзначае, што «такі падыход да разгляду скаргі пракурора Млявы не вытрымлівае ніякай крытыкі».

Па-першае, устанаўліваць факт парушэння заканадаўства ўпаўнаважаны толькі суд. Відавочна, што пракуратура такім органам не з'яўляецца.

Па-другое, Гусева прасіла пракуратуру Заводскага раёна правесці праверку па факце парушэння яе правоў менавіта ў ходзе вядзення адміністрацыйнага працэсу. Аднак пракурор ніякім чынам не ацаніў неабходнасць затрымання актывісткі на двое сутак у ІЧУ.

Аляксей Лойка таксама звяртае ўвагу, што пракуратура, якая па сутнасці закліканая ажыццяўляць нагляд за выкананнем гарантаваных дзяржавай правоў і свабодаў грамадзян, замацаваных у Канстытуцыі, законах Беларусі і міжнародных дамовах, ніяк не адрэагавала на парушэнне канстытуцыйных правоў Гусевай у гэтай сітуацыі: права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, права на свабоду перамяшчэння.

Таму можна зрабіць выснову, што па першапачатковай скарзе Насты Гусевай пракурорскай праверкі па сутнасці не праводзілася.

 

І што цяпер рабіць?

Для аднаўлення справядлівасці Анастасія Гусева звярнулася ў вышэйстаячы орган — да пракурора горада Мінска С. Хмарука. Яна просіць, каб ён усё ж такі праверыў законнасць і абгрунтаванасць затрымання яе на двое сутак у сувязі з фотаздымкамі, размешчанымі ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте».

Акрамя гэтага, актывістка просіць ацаніць і адказ пракурора Заводскага раёна Мінска А. Млявы. Анастасія Гусева спадзяецца, што пракурор Мінска ўсё ж прыме адпаведныя меры пракурорскага рэагавання.

spring96.org