Актывісткай Наталляй Папковай зацікавіўся Следчы камітэт
Актывісткай з Брэста Наталляй Папковай пачаў цікавіцца Следчы камітэт.
Пра гэта намесніца каардынатара Беларускага нацыянальнага кангрэсу (БНК) па Брэсцкай вобласці паведаміла на сваёй facebook старонцы.
Падрабязней распавяла сама Наталля Папкова:
— Да мяне прыйшоў міліцыянт. Сказаў, што ён са Следчага камітэту, і кажа, што ёсць нейкі чалавек, які цяпер сядзіць у турме за продаж наркотыкаў, і ён піша скаргі ды спасылаецца на мяне, што нешта магу ўдакладніць у яго справе. Я гэтага чалавека ніколі не бачыла і ніколі не ведала. Яны хочуць, каб я падпісала нейкія паперы. Я адмовілася іх падпісваць. Яны папрасілі, каб я прыйшла у Ленінскі РАУС, але павесткі мне не далі.
Без адпаведнай позвы Наталля Папкова ісці ў Ленінскі РАУС горада Брэста не збіраецца і называе імя прадстаўніка следчага камітэту: Віталь Кісель.
Здарэнне адбылося каля 10 гадзіны раніцы 22 снежня ў ейны дзень народзінаў.
“Лічу што цікавасць звязаная з тым, каб “закрыць” Папкову на 15 “не адседжаных” раней сутак, за ўдзел у мінскай акцыі пратэсту, які ладзіў Мікола Статкевіч. Звычайна міліцыянты жадаюць зачыніць такія “вісякі” да сканчэння каляндарнага году”, — зазначае паплечнік Наталлі Папковай, брэсцкі грамадскі актывіст Андрэй Шарэнда.
Мікола Ляшкевіч,
Беларускае Радыё Рацыя