Актывісты працягнуць пратэст у Курапатах
Нягледзячы на начны напад невядомых на намётавы лагер каля будаўнічай пляцоўкі бізнэс-цэнтра блізу народнага мемарыяла Курапаты, дэмакратычныя актывісты працягваюць сваю барацьбу, каб не дапусціць гэтай будоўлі.

Валанцёры ўжо аднавілі знесены злачынцамі ўначы намёт, павесілі сарваныя зламыснікамі бел-чырвона-белыя сцягі, зноў распалілі ў бочцы вогнішча, каб грэцца. Ранкам працы на месцы будоўлі не працягваліся, а аўтакран пакінуў будпляцоўку.

Як сказаў у інтэрв’ю НЧ ініцыятар намётавага лагера, лідар зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч, «немагчыма проста так назіраць, калі такім нахабным чынам відавочна карумпаванымі схемамі выводзяць лапікі гэтай глебы з ахоўнай зоны Курапатаў і нешта на ім будуюць».
«Прычым, спачатку выкупляюць гэтае месца, а толькі праз паўгады выводзяць яго з ахоўнай зоны Курапатаў. Гэта — злачынства і з юрыдычнага, і з маральнага, і з духоўнага пункту гледжання. Урэшце рэшт, што, у горадзе няма пустых пляцовак? Чаму гэтыя беснаватыя людзі пруцца сюды на косткі, каб тут нешта будаваць? Навошта? — задаецца пытаннямі Зміцер Дашкевіч. — Пакуль што сілы няроўныя, і спыніць гэтую будоўлю зараз вельмі цяжка».


Тым не менш, актывісты не збіраюцца пакідаць намётавы лагер і будуць працягваць барацьбу за Курапаты. Валанцёры звяртаюцца па падтрымку ў сваіх высілках да журналістаў і грамадскасці.
Каб падтрымаць актывістаў у Курапаты прыехаў бард Зміцер Захарэвіч. Пра гэта піша на сваёй старонцы ў фэйсбуку Зміцер Дашкевіч.