Актывісты прапануюць прывезці на пахаванне Каліноўскага зямлю з Беларусі

Такую прапанову агучыў у Фэйсбуку вілейскі грамадскі і палітычны актывіст, сябра Партыі БНФ Аляксей Сюдак.

Вілейскія актывісты прыбіраюцца на могілках. Фота Аляксея Сюдака

Вілейскія актывісты прыбіраюцца на могілках. Фота Аляксея Сюдака

Вілейскія актывісты заклікаюць усіх, хто збіраецца прыняць удзел у пахаванні Кастуся Каліноўскага ў Літве, прывезці да яго з Беларусі зямлю з магілаў паўстанцаў.


«Спадарства! Вілейскія патрыёты прапануюць усім, хто паедзе ў Вільню на пахаванне Каліноўскага, прывезці да яго магілы зямлю з магілаў іншых паўстанцаў.

Вілейчукі сёння навялі парадак на магіле паўстанцаў з атраду Козел-Паклеўскага ля в.Уладыкі і ўзялі адтуль зямлю», — паведаміў Аляксей Сюдак.

Выяўленыя на гары Гедыміна парэшткі паўстанцаў XIX стагоддзя будуць урачыста пахаваныя ў Вільні на могілках Росы 22 лістапада. Падчас урачыстай цырымоніі іх парэшткі будуць дастаўлены ў Віленскі Кафедральны сабор, а затым перавезены на могілкі Росы.

Чытайце таксама: Каліноўскі: забраць, каб страціць

Раней шэраг прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі выступілі з прапановай пахаваць Каліноўскага ў Беларусі.