Каліноўскі: забраць, каб страціць

Перапахаванне парэштак Кастуся Каліноўскага ў Беларусі выглядае як чыстай вады ўкід, на які паддаліся паважаныя падпісанты. Яўна не іхная гэта задума, піша Сяргей Дубавец у сваім блогу на «Свабодзе».

aa284a11_57a0_4538_9287_5f542f8b7343_cx0_cy13_cw0_w1023_r1_s.jpg

Па-першае, ні ў кога няма візіі гэтага перапахавання: дзе, кім, у якім «фармаце». Хто ў Менску хоча, хто ў Свіслачы, хто на могілках, хто на плошчы — перакананы, што спрэчка па кожным пункце расколе шаноўную грамаду, звядзе тэму нацыянальнага героя № 1 да мітусні нашчадкаў вакол ягонага імя.

Па-другое, цяперашнія афіцыйныя канцэпты гісторыі не пакідаюць для Каліноўскага месца. Скасаванне ордэна ягонага імя ў 2004-м, запісванне яго ў палякі... Нават самае актуальнае пасланне героя цяпер у Беларусі немагчыма працытаваць без купюр: «Толькі тады, народзе, зажывеш шчасліва, калі над табой м...ля ўжо не будзе».

Пахаваўшы Каліноўскага ў Беларусі (а без уладаў гэтага не адбудзецца), афіцыёз паспрабуе тым самым увогуле закрыць тэму нацыянальнага героя № 1. Гэта будзе паўторнае пахаванне «на тэрыторыі расейскага гарнізону», каб не дапусціць паломніцтва да магілы, як тое ўпершыню адбылося ў 1864 годзе. Каліноўскага ўлады панічна баяцца, як Пуцін баіцца шамана. І ініцыятыва з перапахаваннем у Беларусі нагадвае выкраданне з мэтаю знішчыць.

Па-трэцяе. «Сакральную смерць», пра якую кажа Зянон Пазьняк, Каліноўскі прыняў на Лукішскай плошчы ў Вільні — і гэта знакавае месца беларускай гісторыі. Пахавалі Каліноўскага ў братняй магіле на Замкавай гары ў Вільні — яшчэ адно знакавае месца. Доўгі час літоўцы сцвярджалі, што ніякага пахавання там няма. Але паўстанцы самі выйшлі з магілы. Гара абрынулася. І сёння гэта знакавая падзея беларускай гісторыі.

Запланавана перапахаванне паўстанцаў на могілках Росы — яшчэ адным знакавым месцы, дзе спачываюць героі несавецкай беларускай гісторыі. Перавоз Каліноўскага ў Беларусь дэсакралізуе і ягоны подзвіг, і ягонае імя, і ўсе гэтыя звязаныя з ім месцы.

На маю думку, не варта ў такой надзвычай датклівай і адначасова глыбокай тэме «грымець косткамі». Лепш бы шаноўныя падпісанты выказаліся за збліжэнне Беларусі з Еўразвязам. Бліжэй было б і Каліноўскаму, і да Каліноўскага.